Офіс Ціханоўскай: Беларускую праваабаронцу Анісію Казлюк не дэпартуюць з Украіны
Беларускую праваабаронцу Анісію Казлюк павінны адпусціць, высылкі з Украіны не будзе. Пра гэта паведаміў кіраўнік Офісу Святланы Ціханоўскай у Кіеве Валерый Кавалеўскі.
Кавалеўскі абмеркаваў сітуацыю з прадстаўнікамі МУС Украіны і старшынёй камітэта па правах чалавека Вярхоўнай Рады. Яго запэўнілі, што дэпартацыі Казлюк з Украіны не будзе.
"Вызначаныя далейшыя крокі па вырашэнні інцыдэнту. Мы застаемся на сувязі з Анісіяй і адразу ж паведамім пра вынік вырашэння гэтай сітуацыі", — паведамілі ў Кабінеце прадстаўнікоў Ціханоўскай.
Як распавядала Еўрарадыё, дзяўчыну затрымалі пры выхадзе з цягніка. Анісію вінавацяць у нелегальным перабыванні ва Украіне. Сама дзяўчына кажа, што ўкраінскія дзяржорганы некалькі месяцаў не прымалі ў яе дакументы.
Ва Украіне Казлюк апынулася пасля задушэння беларускіх масавых пратэстаў 2020 года, яна актыўна займалася валанцёрскай дзейнасцю, дапамагала добраахвотнікам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.