Па клубніцы варта ехаць на Ждановічы, а па зеляніну — на Камароўку

Еўрарадыё наведала некалькі рынкаў у розных раёнах сталіцы — Камароўскі рынак, Чэрвенскі, гандлёвыя рады на Партызанскім праспекце і Ждановічы — і параўнала цэны на папулярную садавіну ды гародніну.

Першая кропка — невялічкі рынак у мікрараёне Ангарская. Яшчэ ў пачатку тыдня тут прадавалі чарэшню па 75-78 тысяч рублёў. Цяпер цана ўпала да 48 тысяч за кілаграм. Клубніцы ўжо прадаюць па 38 000 рублёў за кілаграм, а яшчэ тыдзень таму было не менш за паўсотні за кілаграм свежай ягады. Агуркі прадаюцца не танней за 14 тысяч за кілаграм, а вось памідоры ўпэўнена трымаюцца ўвесь тыдзень на даволі высокім узроўні — 28-30 тысяч за кілаграм. Маладая бульба таксама не здае пазіцый — 17-18 тысяч за кілаграм.

Цэны на рынку, што на Партызанскім праспекце, і Чэрвенскім рынку падобныя. Бульба каштуе 15-20 тысяч за кілаграм, памідоры ў сярэднім па 25 тысяч за кілаграм, а за пінскія агуркі просяць 14-15 тысяч за кілаграм.

Клубніцы цяпер прадаюцца па 25-35 тысяч за кілаграм. А вось чарэшня яшчэ не моцна ўпала ў цане. Калі ў Заводскім раёне яе прадаюць ужо па 35 тысяч, дык у Лошыцы ў сярэднім — 40 000 рублёў за кіло.

Наступная кропка — Камароўскі рынак. За тыдзень цэны на клубніцы тут упалі ўдвая. Цяпер цана сярэдняй ягады — 25-35 тысяч за кіло, калі яшчэ роўна тыдзень таму было не меней за 50 тысяч за кілаграм. Мінімальная цана чарэшні — 35 тысяч. Агуркі ды памідоры тут каштуюць як і на ўсіх кірмашах.

Маладая ўкраінская бульба таксама не здае пазіцый — як была ад 15 тысяч за кілаграм, так і засталася.

Пакуль клубніцы дабіраюцца да сталіцы, яны даражэюць удвая! (фота)

Але на Камароўцы можна знайсці самую танную зеляніну — кроп, цыбуля, рукала, мята тут прадаюцца пучкамі і на вагу. За пучок кропу ці пятрушкі просяць ад 4000 рублёў, цыбулю прадаюць па 1800 рублёў за пучок. Гэта нават танней, чым на Ждановічах, дзе за такі ж пучок прасілі ад 4 тысяч.

На Ждановічах самыя нізкія цэны шукайце далей ад уваходу. Розніца ў цане, да прыкладу, клубніцы можа дасягаць пяці тысяч рублёў за абсалютна аднолькавыя ягады.

Тут самыя нізкія цэны на агуркі, памідоры, клубніцы ды чарэшню. Да прыкладу, самая танная клубніца каштуе тут 20 000 за кілаграм.

 Чарэшня прадаецца па 26 тысяч за кіло. На Ждановічы варта ехаць і па бульбу — яна тут прадаецца за 10 тысяч, а таксама па агуркі ды памідоры.

Да прыкладу, калі памідоры чэры на Камароўцы прадаюцца па 60-80 тысяч за кілаграм, дык на Ждановічах — ад 25 тысяч. Звычайныя памідоры тут каштуюць па 15-17 тысяч, а вось агуркі прадаюць ужо і па 12-13 тысяч за кілаграм.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі