Пачалася рэгістрацыя на “рэзервовае” ЦТ

Пачалася рэгістрацыя на “рэзервовае” ЦТ

Пачалася рэгістрацыя на цэнтралізаванае тэставанне ў рэзервовыя дні. Дакументы на праходжанне “запаснога” ЦТ прымаюць з 30 чэрвеня па 2 ліпеня, перадае БЕЛТА.

Рэзервовым ЦТ называюць уступныя выпрабаванні для абітурыентаў, якія былі зарэгістраваныя на тэсты ў асноўныя дні іх правядзення, але не прыйшлі з уважлівых прычынаў, напрыклад, праз хваробу, затрымку грамадскага транспарту або ў сувязі з удзелам у буйных спартовых мерапрыемствах. У ліпені яны могуць напісаць тэсты, калі не здалі іх разам з астатнімі паступаючымі.

6 і 8 ліпеня будзе “запасное” ЦТ па беларускай і рускай мовах, 6 і 10 ліпеня — па ўсіх астатніх прадметах. Пісаць тэсты давядзецца на базе БДУ.

Прыём дакументаў у большасць ВНУ пройдзе з 12 па 17 ліпеня. Пры гэтым установы сельскагаспадарчага профілю прымаюць дакументы на завочную форму навучання з 15 лістапада па 5 снежня.

Падаць дакументы на платнае навучанне можна з 12 ліпеня па 4 жніўня.

З 12 па 14 ліпеня падаюць дакументы выпускнікі профільных класаў педагагічнай скіраванасці, якія паступаюць на педспецыяльнасці.

Унутраныя ўступныя выпрабаванні пройдуць з 18 па 26 ліпеня — гэта тычыцца пераважна творчых ВНУ. З 6 па 15 снежня ўнутраныя экзамены здаюць у ВНУ сельскагаспадарчага профілю.

На бюджэтную форму навучання залічаюць да 28 ліпеня (за выключэннем “ваенных” ВНУ), на платнае навучанне — да 6 жніўня (за выключэннем асобных ВНУ ваеннага і творчага профілю).

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі