Пацвярджаецца першы ўкраінскі ўдар ракетамі ATACMS па пазіцыях РФ

Удар ракетамі ATACMS

Удар ракетамі ATACMS / Reuters

Пацвярджаецца першы ўкраінскі ўдар ракетамі ATACMS па пазіцыях РФ. The Wall Street Journal піша са спасылкай на неназваныя крыніцы, што днямі ва Украіну таемна адправілі невялікую партыю ракет далёкага радыусу дзеяння — да 160 кіламетраў. Пра гэта ж паведамляе і Politico. Выданне адзначае, што ракеты ATACMS ужо былі выкарыстаны. Пазней гэта пацвердзіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі: "Дамоўленасці з прэзідэнтам Байдэнам выконваюцца. Выконваюцца вельмі трапна — "атакамсы" сябе паказалі".

17 кастрычніка стала вядома, што Узброеныя сілы Украіны нанеслі ўдары па аэрадромах у акупаваных Бярдзянску і Луганску. Сцвярджаецца, што былі знішчаныя верталёты, спецтэхніка, боепрыпасы. Некаторыя расійскія "ваенкары" пацвярджаюць буйны поспех украінскага войска, пішуць пра "адзін з самых сур'ёзных удараў" за ўвесь час вайны.

Украіна прасіла ў ЗША дальнабойныя ракеты ATACMS з мінулага года. Прычым у Кіеве спадзяваліся, што іх радыус дзеяння складзе да 300 кіламетраў. Відаць, спачатку Злучаныя Штаты рашыліся на пастаўку ракет з меншым радыусам дзеяння.

У верасні The Washington Post напісала, што ЗША блізкія да перадачы Украіне дальнабойных ракет ATACMS, але аснашчаных касетнымі бомбамі, а не адзіночнай боегалоўкай (у амерыканцаў такіх боепрыпасаў больш, чым "адзіночных версій" і яны лічацца "менш сучаснай зброяй"). Расійскія вайскоўцы сцвярджаюць, што 17 кастрычніка ўдар быў нанесены якраз касетнымі бомбамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі