Пад Мінскам 2 гадзіны прастаяў без ацяплення зламаны пасажырскі цягнік у Вільню
Пад Мінскам 2 гадзіны прастаяў без ацяплення зламаны двухпавярховы пасажырскі цягнік у Вільню. Як інфармуе партал tut.by, літоўскі цягнік з “Пагоняй” выйшаў з беларускай сталіцы ў 10:35. Аднак праз хвілін 15 ён спыніўся. Правадніца паведаміла, што цягнік зламаўся (нібыта, праблема была ў токапрыёмніку) — не было электрычнасці, не працавала гучная сувязь, дзверы аказаліся заблакаваныя (адчыніліся толькі дзверы ў першым вагоне). Пасажыры ўжо пачалі замярзаць, калі на станцыю Ждановічы прыслалі іншы цягнік, у які іх перасадзілі.
У выніку каля 100 пасажыраў прыехалі ў Вільню замест 12:30 прыкладна ў 14:00. Літоўцы хутка прапусцілі праз пашпартны кантроль тых людзей, якія спяшаліся на самалёт, на аўтобусе іх адвезлі ў аэрапорт.
Цеплавоз прыцягнуў электрацягнік у Маладзечна, дзе яго рамантавалі. Фота: vk.com/@belrailway