Пад Оршай “Мерседэс” збіў людзей, якія штурхалі няспраўны аўтамабіль (фота)
Пад Оршай “Мерседэс” збіў людзей, якія штурхалі няспраўны аўтамабіль. Трагічнае здарэнне адбылося познім вечарам 28 кастрычніка на трасе Віцебск — Магілёў каля вёскі Стаўры. Аўтамабіль ВАЗ 21074 заглух проста на дарозе, у паласе руху. Кіроўца і двое пасажыраў паспрабавалі прыбраць яго з праезнай часткі, але не паспелі: у старую “сямёрку” ўрэзаўся “Мерседэс”, за рулём якога быў жыхар расійскага Санкт-Пецярбурга.
Загінула жанчына, пенсіянерка 1957 года нараджэння. Два чалавекі (1957 і 1979 гадоў нараджэння) атрымалі цяжкія траўмы і былі дастаўленыя ў лякарню, паведамляе Onliner.by са спасылкай на Віцебскую абласную ДАІ. Кіроўца і пасажыры “Мерседэса” не пацярпелі.
Расіянін сцвярджае, што заўважыў “Жыгулі” ў апошні момант. Незразумела пакуль, ці абазначыў кіроўца “сямёркі” месца свайго прыпынку. Вядома, што ў той час ішоў мокры снег з моцным дажджом і была кепская бачнасць.