Пад "Воінаў святла" палілі фаеры, а Міхалок заскочыў на сцэну з буса

Другі дзень "Басовішча" звычайна выглядае так: частка наведнікаў адыходзіць ад бурнай фестывальнай ночы, іншая выпраўляецца на закупы ў Беласток. Аднак у 18.00 у Борыку зноў становіцца людна, нягледзячы на магутную навальніцу, якая абрушваецца на Падляшша.


Вынікі конкурсу маладых выканаўцаў прадказальныя: першае месца і 4 тысячы прызавых злотых дзеляць між сабой жыццярадасныя Navi і інтэлектуалы TonqiXod. Другіх і трэціх месцаў вырашана не даваць нікому. 


Крысціна Дарапей, прадстаўніца парталуTuzin.fm, які "журыў" у конкурсе, сцвярджае, што па-іншаму быць не магло:


"Перад намі стаяў вельмі складаны выбар, бо ўсе гурты граюць у дыяметральна супрацьлеглых кірунках, таму не змаглі выбраць адно, што адназначна лепшае за іншае. Navi граюць жыццесцвярджальную музыку, якая натхняе жыць. TonqiXod робіць інтэлектуальныя тэксты з канцэптам. І ўсё гэта значна для беларускай музыкі. І сказаць, што нехта з іх пераважае, нельга". 

Вольскі: Я магу адмовіцца ад "Рок-каранацыі", але не ад "Басовішча"


Гурт Navi з'явіўся ў ліку канкурсантаў у апошні момант: пасля таго як Naka адмовілася ад удзелу ў конкурсе.


"У нас ёсць адчуванне выкананага плану на 100%. Па-першае, мы з'ездзілі ў Беласток у гандлёвы цэнтр і закупіліся, як сапраўдныя беларусы, а па-другое, перамаглі, хоць і не чакалі гэтага", — смяюцца ўдзельнікі гурта Арцём і Ксенія.


2000 злотых (500 еўра) Navi збіраюцца ўкласці ў запіс новага альбома, а TonqiXod, якія па выніках 2014 года сталі ледзь не галоўнымі музычнымі героямі Беларусі, — у новае "жалеза" для бубнача. Уладзімір Лянкевіч, фронтмэн каманды, кажа, што не расстроіўся, што прэмію давялося дзяліць:


"Што вы! Гэта ж гурт Navi! Яны так прыгожа спяваюць у інтэрвал! Здаецца, абудзі іх зранку і прымусь спяваць — яны будуць стройна спяваць, не распеўшыся. За адно гэта ім можна даваць усе беларускія прэміі! Ну а ўвогуле перамагчы на конкурсе — гэта лепш, чым не перамагчы. У гэтым плане мы сыходзім не такія абкаканыя".

…Практычна джаз ад Mondres Mysteridus Death перахозіць у псіхадэлічныя роздумы трыа Ягора Забелава. Ракешнік у тры гітары ад Ostrov — у перыядычна рамантычны рок гурта Pomidor/off. А потым пачынаецца нон-стоп ад Brutto у найлепшых традыцыях — з крычалкамі, рэдкімі вершамі і няспыннымі рухамі на сцэне прыгажуноў з накачанымі целамі. Праўда, эфект Brutto псуе незразумелы гук, ад чаго кепска чуваць "брутальных" вакалістаў. Хаця публіка не звяртае на гэта ўвагі: выкананне ляпісаўскіх "Не быць скотам" і "Воінаў святла" робіцца кульмінацыяй "Басоў", пад іх фэст асвятляецца фаерамі і феерверкамі.

Так, прыезд Brutto на "Басовішча" — бадай, галоўная інтрыга другога дня для беларусаў, палякі ж чакаюць сваіх герояў — культавых Lao Che. Польскія музыкі выглядаюць на сцэне разняволенымі і добразычлівымі, яны пастаянна ўсміхаюцца і адгукаюцца на рэакцыю публікі. Brutto ж вельмі сканцэнтраваныя, сур'ёзныя і напружаныя. Да выступу хлопцы тусяць каля свайго буса. Потым у інтэрнэце можна ўбачыць фота Сяргея Міхалка і кампаніі з фэнамі. Аднак прэсу каманда ігнаруе: на сцэну Міхалка літаральна прывозіць бус, а пасля выступу мастацкі кіраўнік Brutto  заскоквае ў яго і з'язджае. Кажуць, у аэрапорт, але ўсе жартуюць, што ў качалку.

І ўсё ж атмасферу разраджае модная музыка ад Lao Che і бадзёры выступ гарадзенскіх "Дзецюкоў", якія так наадзначалі прыезд на фэст, што хадзілі чуткі, нібыта граць нават не будуць. Аднак музыкі бяруць сябе ў рукі, кладуцца  спаць і ў гадзіну ночы бадзёра спяваюць пра танкі, лясных братоў і хлопцаў-балахоўцаў.


"Басовішча" завяршаецца ў найлепшых традыцыях.

Больш фота глядзіце тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі