Падаражэнне “жыроўкі” мінчане адчуюць толькі ў сакавіку
З 26 студзеня “жыроўкі” будуць налічваць па новым тарыфам. Адзін кубаметр вады па субсідзіраваным дзяржавай тарыфе цяпер каштуе 0,5301 рублі. Гэта плюс 90%! Адзін кубаметр водаадвядзення праз каналізацыю – 0,354 рублі. І гэта таксама 90% падаражання. Плата за двухпакаёўку вырасце на 10 рублёў, але гэта калі норма вады не перабольшаная.
Пра гэта Еўрарадыё расказала намесніца начальніка “Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі” Юлія Сагайдак.
Юлія Сагайдак: “Калі жыллёва-камунальныя паслугі ў межах нарматываў, тады мы плацім па субсідзіраваных тарыфах, калі перавысілі, то плацім па поўных тарыфах. Але ў гэтым месяцы толькі за пару дзён давядзецца плаціць па новых тарыфах”.
Атрымліваецца, што падаражанне на 10 рублёў будзе для тых, хто ўкладаецца ў нормы. Па вадзе гэта 4 кубаметры на чалавека за месяц. Калі грамадзянін спажывае больш, то для яго падаражанне будзе вышэйшае, чым 10 рублёў.
Таксама на 6% даражэе тэхнічнае абслугоўванне 1 квадратнага метра жылой плошчы, а плата за карыстанне ліфтам расце на 70%. Тарыф на капітальны рамонт не змяняецца.