Падатковая пагражае кіроўцам, якія пастаянна шукаюць спадарожнікаў праз BeepCar
Падатковыя органы выяўляюць людзей, якія незаконна перавозяць грамадзян з дапамогай сэрвісаў па пошуку спадарожнікаў. Пра гэта агенцтву БЕЛТА заявілі ў прэс-службе Міністэрства па падатках і зборах.
Гаворка ідзе пра сэрвісы кшталту сайта BeepCar.ru, які дапамагае знайсці спадарожнікаў. У МПЗ кажуць, што ўмовы дзеяння такіх сайтаў па пошуку спадарожнікаў у Беларусі змяняцца не будуць. А самі інспектары будуць зважаць толькі на тыя паездкі, якія робяцца з мэтай атрымання прыбытку, а значыць, з'яўляюцца незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасцю.
У міністэрстве кажуць, што некаторыя перавозчыкі карыстаюцца такімі сайтамі на пастаяннай аснове. Гэта дае падставы лічыць, што яны незаконна займаюцца прадпрымальніцкай дзейнасцю. "Згодна з заканадаўствам, пры аказанні паслуг па перавозцы пасажыраў за плату (аплату кошту паліва) фізічным асобам неабходна ўлічваць, што калі аказанне такіх паслуг накіраванае на сістэматычнае атрыманне прыбытку, то грамадзянін, які ажыццяўляе такую дзейнасць і які атрымлівае за гэта ўзнагароджанне, можа ажыццяўляць яе толькі пасля дзяржаўнай рэгістрацыі і ў якасці суб'екта гаспадарання (індывідуальнага прадпрымальніка або юрыдычнай асобы)", — падкрэсліваюць у МПЗ.
Разам з тым падаткавікі дадаюць, што дэкрэт №7 не патрабуе наяўнасці ліцэнзіі для ўнутрырэспубліканскіх аўтамабільных перавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах.
Нагадаем, што новыя нормы для міжгародніх перавозчыкаў набылі моц 26 лютага. Пасля гэтага частка міжгародніх маршрутак спыніла сваю дзейнасць. Падаткавікі лічаць, што накаторыя перавозчыкі сталі шукаць кліентаў з дапамогай адмысловых сайтаў.