Падчас “Еўрабачання-2017” незаконна патрацілі 15 мільёнаў еўра
Падчас “Еўрабачання-2017” у Кіеве незаконна патрацілі 15 мільёнаў еўра. Гэты факт выявіла праверка, зладжаная аўдытарскай службай Украіны. У падрыхтаванай ведамствам справаздачы гаворыцца, што растраты звязаныя з няправільным вядзеннем бухгалтэрыі і парушэннямі пры правядзенні закупак.
Сярод іншага выяўлены выпадкі, калі фірмы, якія выйгралі тэндэр на паслугі, але не мелі магчымасці іх аказаць, прыцягвалі субпадрадчыкаў за меншыя кошты. Разам з гэтым, амаль палова выдаткаваных на арганізацыю і правядзенне конкурсу сродкаў былі накіраваныя замежным кампаніям.
Матэрыялы рэвізіі, якая праводзілася па даручэнні кіраўніка ўраду Украіны, перададзеныя ў праваахоўныя органы.
Конкурс “Еўрабачанне-2017” праходзіў у Кіеве з 9 па 13 траўня 2017 года. Беларусь на ім прадстаўляў гурт Naviband, які заняў 17 месца. Перамогу атрымаў Салвадор Сабрал з Партугаліі.