Падчас каталіцкага шэсця па Мінску вернікам пагражалі затрыманнем
У нядзелю, 29 траўня, па Мінску прайшло масавае вулічнае шэсце, зладжанае Каталiцкiм касцёлам у Беларусі. Паводле ацэнак назіральнікаў, у ім прыняло ўдзел каля 15 тысяч вернікаў, а таксама некалькі дзясяткаў святароў і біскупаў.
Традыцыйна напрыканцы траўня адбываецца шэсце, прымеркаванае да свята Цела i Крывi Хрыста. У Мінску католікі ўжо 25 гадоў праходзяць працэсіяй па цэнтральных вуліцах з абразамі, харугвамi, малiтвамi i духоўнымi сьпевамi.
Сёлета працэсія, як і ў мінулыя гады, прайшла па тратуарах ад касцёла Святога Роха на Залатой Горцы да Кафедральнага касцёла на плошчы Свабоды. Падчас шэсця працэсiя спынялася на малiтвы пры алтарах на плошчы Перамогi i Кастрычнiцкай плошчы.
Як адзначае Радыё "Свабода", падчас усяго шэсця вернікаў суправаджалі супрацоўнікі сілавых структураў. Яны пільнавалі дарожны рух, а таксама здымалі ўдзельнікаў шэсця на відэа. Калі вернiкі абуралiся гэтым, ім пагражалi затрыманнем.