Падчас крызісу беларусы сталі больш злымі, агрэсіўнымі і падазронымі

Паводле даследаванняў сацыёлагаў, крызіс выявіў найгоршыя рысы беларусаў
Лабараторыя НОВАК зладзіла 6 фокус-групаў на тэму “Ўспрыманне эканамічнага крызісу ў Беларусі рознымі сацыяльнымі групамі”. “Варожасць адчуваецца літаральна да ўсіх”, — расказала падчас прэзентацыі вынікаў даследавання вядучы сацыёлаг лабараторыі Надзея Яфімава:

“У беларусаў павялічылася падазронасць і агрэсіўнасць да ўсіх, калегі ўспрымаюцца як патэнцыйныя канкурэнты. Адчуванне варожасці літаральна да ўсіх і на розных падставах. Напрыклад, жанчыны без сям’і ўспрымаюцца як канкурэнты, таму што ў яе, скажам, больш магчымасці праводзіць час на працы, а ў мяне можа захварэць дзіцё…”

Некаторыя беларусы гатовыя нават красці, кажа Надзея Яфімава:

“У двух фокус-групах прагучаў нават такі варыянт: “Што будзем рабіць?” —“Красці пойдзем”. Прычым не проста эмацыйна са злосці казалі, а яшчэ і тлумачылі, што цяпер можна красці, таму што ёсць шмат багатых”.

Некаторыя вынікі даследавання шакавалі сацыёлагаў, прызнаўся дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў Віталь Сіліцкі. Нечаканым стала тое, што грамадства хутчэй будзе пратэставаць у спрыяльныя часы, а не падчас крызісу. Бо крызіс заганяе чалавека ў сябе:

“Выходзіць, што ў нас добрыя часы ствараюць больш праблемаў для ўладаў, чым крызіс. Гэта называецца "рэйтынгавая пастка". Калі эканамічная сітуацыя паляпшалася, у людзей рэзка пачыналі павялічвацца чаканні ад улады і эканомікі. І якраз там улада пачынала “правісаць”. Яна не паспявала за тымі чаканнямі, якія сама раздзімала.

За год крызісу вельмі хутка адбыўся пералом, пачалося вяртанне да прымітывізацыі. Адсоткаў на 80 мы чагосьці такога чакалі, але ўсё роўна быў шок, бо мы не думалі, што ўсё адбудзецца так хутка”.

Паводле слоў Віталя Сіліцкага, беларусы зараз жывуць у нейкай віртуальнай рэальнасці, якую самі сабе стварылі, спадзяюцца на тое, што ўсё само сабой вырашыцца, што прыйдзе нейкае чароўнае выратаванне.

Прычым выратавання ад дзяржавы ніхто не чакае. На дзяржаву ніхто не спадзяецца, кожны ратуецца сам, як можа, — кажа Надзея Яфімава. Паводле яе слоў, для беларусаў крызіс — гэта не новыя магчымасці, а стымул да дэградацыі. Людзі гатовыя нават увогуле нічога не атрымоўваць, а проста сядзець на заводах, абы захаваць сваё месца:

“Крызіс не з’яўляецца штуршком да далейшага развіцця — людзі асцярожнічаюць і не спрабуюць штосьці рабіць. Для дарослага насельніцтва перашкодай з’яўляецца тое, што яны памятаюць 1990-я. Таму яны адступаюць, рэгрэсуюць. Людзі гатовыя да ўсё большага скарачэння спажывання. Крызіс не становіцца стымулам да развіцця.

Людзі згодныя працаваць на больш нізкакваліфікаваных працах, атрымоўваць менш… Людзі згодныя нават увогуле нічога не атрымоўваць, а быць у бясконцым адпачынку за свой кошт — абы захаваць сваё месца, абы адчуваць, што ты не выпаў з грамадства”.

Яшчэ адна рыса характару, якую выявіў у беларусах крызіс, — супярэчлівасць. З аднаго боку, людзі спадзяюцца на дапамогу сваякоў ці знаёмых.  А з іншага — яны ненавідзяць сваіх калег, якія трымаюцца на месцах, як яны лічаць, таму, што ўладкаваліся туды “па блаце”.

Другая супярэчнасць — рэспандэнты адказвалі, што крызіс —  “на Захадзе”, “гэта там крызіс”. У той самы час бачылі выйсце ў тым, каб паехаць туды працаваць... Такія супярэчнасці сведчаць пра тое, што крызіс для беларусаў — гэта хутчэй міфалогія, лічыць Надзея Яфімава:

“Усё гэта кажа пра тое, што складаецца міфалогія крызісу. Папулярныя стэрэатыпы, у якія чалавек верыць, не базуюцца на ўласным досведзе, яны хутчэй легенда, вера, якая невядома адкуль бярэцца”.

Адзін з элементаў такой міфалогіі — павер’е, што трэба вучыцца і што ўсе няўдачы з-за недастатковай ці нейкай не той адукацыі:

Яфімава: “Я не магу ўладкавацца ў гэтым жыцці і адаптавацца да крызісу, таму што ў мяне, напэўна, не тая адукацыя. Калі я скончу курсы (праграміста ці бухгалтара), тады я ўладкуюся. Чалавек заканчвае гэтыя курсы —  і не ўладкоўваецца. І думае: вось, прагадаў, трэба скончыць яшчэ тыя курсы, і тады я дакладна ўладкуюся. Атрымоўваецца такое заганнае кола. І кожны раз гэтае кола сканчваецца расчараваннем, але гэта пачатак новага вітка, бо вера застаецца. І чалавек супакойвае сябе тым, што ён у працэсе, што ён рухаецца і не сядзіць склаўшы рукі”.

Паводле вынікаў фокус-групаў, горш за ўсё адчулі на сабе наступствы крызісу працоўныя. У адрозненні ад іх, для бюджэтнікаў крызіс — гэта пастаянны стан, у якім яны знаходзяцца, таму яго прыходу яны надта не адчулі. “І раней было дрэнна, і раней былі праблемы і грошай не хапала”, — кажуць яны. Для студэнтаў жа крызіс — гэта вобласць тэорыі. Яны збольшага ўвогуле не звяртаюць на яго ўвагі, таму што іх “бацькі кормяць”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі