Палавая адукацыя падлеткаў: сэрвіс для дзяцей і бацькоў пра секс
Чаму навучаць падлеткаў распрацоўшчыкі сэрвісу / pixabay
Беларусы стварылі праект для падлеткаў Intimatica, у якім абмяркоўваюць сталенне, адносіны, прыняцце свайго цела і сексуальную арыентацыю з чатырнаццацігадовымі. Больш падрабязна пра сэрвіс расказалі яго аўтары ў стрыме Еўрарадыё.
— Думаю, кожная дзяўчынка ўспомніць сітуацыю, калі адкладала паход да гінеколага, а потым знаходзіла праблемы са здароўем. А хлопчык можа ўспомніць, як у падлеткавым узросце з яго пажартавала сяброўка і сказала: ну ўсё, я цяжарная, будзем жыць разам. Мы будзем расказваць падлеткам пра цела, пра прыняцце сябе, — расказала заснавальніца стартапа Аляксандра Свірыд.
У праекта адзін псіхолаг-кансультант — гэта гештальт-тэрапеўт Вольга Дрыла. Яе ў праекце прадстаўляюць як дзіцячага і падлеткавага псіхолага, "спецыяліста па эмацыйных залежнасцях".
Стваральнікі стартапа стварылі свой праект на дамене .ru і тлумачаць прычыны даволі лаканічна і праз лічбы:
— Параўнайце рынкі: 800 тысяч падлеткаў у Беларусі і два мільёны падлеткаў у Расіі.
Чаму гэты праект працуе не ў школах, а ў тэлефоне
— Калі валанцёры прыходзяць у школу, у бацькоў могуць узнікнуць пытанні: па якім праве вы без нашага ведама займаецеся з нашымі дзеткамі? Таму мы пайшлі па бізнес-шляху, — расказала Свірыд.
Тлумачым: распрацоўшчыкі праекта зрабілі стаўку не на ўстановы адукацыі, а на бацькоў. Якія будуць выказваць сваё ўхваленне або неўхваленне праз гатоўнасць заплаціць за дадатковы кантэнт у праграме. Гатоўнасць плаціць аўтары праекта лічаць праявай "актыўнай згоды".
Курс з васьмі відэаўрокаў будзе каштаваць 20 долараў. І распрацоўшчыкі ўжо пратэсціравалі гэты пробны курс на групах.
Хлопцы і дзяўчаты атрымалі восем адукацыйных відэа. А бацькі — кароткі канспект гэтых відэалекцый. І тлумачэнне: якія тэмы варта падабраць для размовы з хлопцамі і дзяўчатамі ў залежнасці ад узросту.
— Не трэба на шасцігадовага вывальваць увесь кантэнт, — кажуць распрацоўшчыкі.
Тэмы відэалекцый на самай справе розныя: ад тлумачэння "адкуль я ўзяўся" да разважанняў пра палавую арыентацыю.
Распрацоўшчыкі кажуць, што ў Беларусі яны фактычна з нуля ствараюць культуру палавога выхавання, таму вырашылі ўзяцца літаральна за ўсё. Напрыклад, аўтарам спадабаўся амерыканскі серыял Sex Education, і яны вырашылі зрабіць сваю версію. Хоць кіно і распрацоўка мабільных праграм — ну вельмі далёкія тэмы.
Чаму? Проста таму, што ў Беларусі гэтага пакуль што ніхто не зрабіў.
— Але ў нас хутчэй "здароўе і адукацыя", а не "секс і адукацыя", — кажа Аляксандра Свірыд.
Той, хто ведае пра сексуальны гвалт, можа паскардзіцца
На аднаго хэйтара праекта прыпадае дзесяць абаронцаў, кажа заснавальніца праекта Аляксандра Свірыд. Але пра негатыўныя каментары, з якімі давялося сутыкнуцца, таксама расказвае.
Так, напрыклад, галоўны аргумент стваральнікаў праекта — мы значна адсталі ў пытаннях палавой адукацыі падлеткаў ад еўрапейскіх краін. На гэта яны атрымліваюць контраргумент: але ў еўрапейскіх краінах куды больш заяў пра сексуальны або сексуалізаваны гвалт у дачыненні да дзяцей і падлеткаў, чым у нас.
— Але чаму менавіта такая статыстыка? Калі людзі ведаюць, што сексуалізаваны гвалт непрымальны, яны свабодна пра яго заяўляюць. Гэта можа і абараніць дзіця: патэнцыйны гвалтаўнік не пойдзе да таго, хто можа паскардзіцца, хто разумее, якія дзеянні ў яго адрас недапушчальныя. У нас жа падлеткі могуць проста не разумець, што з імі адбываецца нешта не тое, — і вось не скардзяцца, — кажа Свірыд.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.