Палітуцекачу з Рагачова забаранілі распараджацца ўласнай кватэрай

Дзяніс Дашкевіч

Дзяніс Дашкевіч / фота са старонкі ў Фэйсбуку

Палітуцекачу з Рагачова Дзянісу Дашкевічу забаранілі распараджацца кватэрай. Пра гэта ён расказаў журналістам сайта "Зеркало".

Пад канец жніўня Дашкевічу выдалі апавяшчэнне са Жлобінскага філіяла Гомельскага агенцтва па дзяржрэгістрацыі і зямельным кадастры. За мяжу дакумент яму перадалі знаёмыя. У ім паведамляецца, што 22 жніўня судовы выканаўца па Рагачоўскім раёне Вікторыя Буднік выдала прадпісанне на забарону здзяйснення рэгістрацыйных дзеянняў у дачыненні да яго кватэры ў Рагачове.

Сам Дашкевіч пад пагрозай палітычнага пераследу з'ехаў у Польшчу. Але ў Беларусі застаюцца ягоная жонка і дзеці. Прычым усе яны жывуць у той самай кватэры, пра якую ідзе гаворка ў паведамленні. Дашкевіч баіцца, што кватэру могуць арыштаваць.

Прэзідэнтка Беларускай асацыяцыі адвакатаў па правах чалавека Марыя Колесава-Гудзіліна кажа, што гаворка не ідзе пра арышт: "Пры такой забароне маёмасць, у гэтым выпадку жыллё, па-ранейшаму належыць чалавеку, але ён не можа яго прадаць, падарыць, аформіць адчужэнне і гэтак далей. Верагодна, там ёсць нейкі грамадзянскі пазоў або штраф, таму што судовы выканаўца накладвае такое абмежаванне".

Паводле яе, згодна з законам кватэру не могуць арыштаваць, калі ў чалавека няма іншага жылля. Але ў Беларусі, дадае Колесава-Гудзіліна, можа быць усё што заўгодна. Пра незаконную канфіскацыі жылля рэжымам Лукашэнкі раней распавядала Крысціна Рыхтэр, экс-дарадца Святланы Ціханоўскай па юрыдычных пытаннях. Раней паведамлялася аб продажы праз аўкцыён кватэр Ціханоўскіх і Цапкалаў, хоць там былі зарэгістраваныя непаўналетнія дзеці.

У каментары "Зеркалу" Дашкевіч пацвердзіў, што за ім лічацца непагашаныя штрафы пасля некалькіх "адміністратывак", па якіх яго судзілі. Напрыклад, у траўні 2023-га актывіста аштрафавалі на 720 рублёў за публікацыю фота з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам на фоне сцяга польска-венгерскага сяброўства — гэты сцяг падаўся суду падобным на бел-чырвона-белы. Агульная сума непагашаных штрафаў, паводле Дашкевіча, можа складаць да 2500 рублёў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі