Палітвязня Міколу Статкевіча чакае новы суд
Адміністрацыя калоніі вырашыла, што ён "не стаў на шлях выпраўлення". Статкевіча збіраюцца адправіць з калоніі ў турму.
Беларускага палітвязня Міколу Статкевіча чакае новы суд. Пра гэта ў Facebook піша яго жонка Марына Адамовіч:
"Адміністрацыя калоніі вырашыла, што ён настолькі "не стаў на шлях выпраўлення" і "мае намер весці злачынны лад жыцця", што яго далейшае ўтрыманне ў гэтай высокамаральнай установе немагчымае".
Паводле слоў Адамовіч, 9 красавіка нейкая камісія ў шклоўскай калоніі вырашыла адправіць Статкевіча на турэмны рэжым да канца тэрміну зняволення. Таму мусіць адбыцца суд, дата якога невядомая.
Нагадаем, Міколу Статкевічу 58 гадоў. Ён — падпалкоўнік запасу, былы кіраўнік Згуртавання беларускіх вайскоўцаў і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада). Быў кандыдатам на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года. Затрыманы 19 снежня 2010-га пасля акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў. Быў абвінавачаны ў арганізацыі масавых беспарадкаў і ўдзеле ў іх. 26 траўня 2011 года асуджаны на шэсць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Праваабарончая арганізацыя “Міжнародная амністыя” прызнала Міколу Статкевіча вязнем сумлення. Раней у шклоўскай калоніі ён ужо прызнаваўся злосным парушальнікам і адпраўляўся судом у магілёўскую турму.
Цяпер гісторыя паўтараецца. Марына Адамовіч піша, што ў Міколы Статкевіча ўжо 13 спагнанняў, з якіх 10 — за "адмову ад працы".
Марына Адамовіч: Статкевіч маральна гатовы да вяртання з калоніі ў турму
Шанцы на вызваленне па амністыі мае толькі адзін палітвязень
Фота: bymedia.net