Палітзняволенага Ігара Карнея зноў будуць судзіць
Ігар Карней у судзе, сакавік 2024-га
Палітзняволенага Ігара Карнея зноў будуць судзіць. Як стала вядома праваабаронцам, яго абвінавачваюць у "злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі калоніі". Карнею могуць дадаць яшчэ год пазбаўлення волі. Яго справу 11 снежня разгледзіць суд Шклоўскага раёна (суддзя — Аляксандр Тараканаў).
У сакавіку сёлета журналіст Ігар Карней быў асуджаны ў Мінску на тры гады калоніі агульнага рэжыму і аштрафаваны на 20 тысяч рублёў. Яго прызналі вінаватым ва ўдзеле ў "экстрэмісцкім фармаванні" (так назвалі супрацоўніцтва з Беларускай асацыяцыяй журналістаў).
Карней — вядомы беларускі журналіст, які супрацоўнічаў з рознымі СМІ. У апошнія гады працаваў як журналіст-фрылансер (у прыватнасці, пісаў для краязнаўчага сайта). Апрача краязнаўства, захапляўся падарожжамі. Ігара Карнея затрымлівалі за тое, што ён браў удзел у адным з маршаў у Мінску ў 2020-м. Чарговы раз яго затрымалі ў ліпені 2023-га. Спачатку былі 10 сутак арышту, пасля якіх на волю ён не выйшаў — распачалі крымінальную справу.
Вядома, што адміністрацыя шклоўскай калоніі № 17 змяшчала Карнея некалькі разоў у ПКТ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.