Палкоўнік Паўлічэнка кажа, што атрымлівае "розныя прывітанні" ад каліноўцаў

Дзмітрый Паўлічэнка

Дзмітрый Паўлічэнка / t.me/vvmvdrb/

Былыя байцы спецназу ўнутраных войскаў МУС Беларусі працягваюць падрыхтоўку. Для "ветэранаў" правялі чарговы вучэба-трэніровачны збор. Старшыня савета Беларускай асацыяцыі ветэранаў падраздзяленняў войскаў МУС "Честь" палкоўнік запасу Дзмітрый Паўлічэнка кажа, што такія заняткі ідуць ужо тры гады і з імі працуюць "найлепшыя інструктары". Паводле яго слоў, былыя спецназаўцы рыхтуюцца дапамагаць спецназу ўнутраных войскаў прыкрываць "любы ўчастак мяжы". Галоўным сваім праціўнікам Паўлічэнка назваў падраздзяленні беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне.

А з палка імя Каліноўскага "пастаянна прысылаюць нам розныя прывітанні", адзначыў Дзмітрый Паўлічэнка. Але не стаў удакладняць, што менавіта мае на ўвазе.

МУС РБ называе "ветэранаў" спецпадраздзяленняў унутраных войскаў "добраахвотнікамі". Летась у вучэннях удзельнічалі больш за 500 чалавек. "Ветэранаў" лічаць "рэзервам" для дзейных спецпадраздзяленняў, якіх нямала стварылі для абароны рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Палкоўнік Дзмітрый Паўлічэнка — былы камандзір брыгады спецназу ўнутраных войскаў МУС. Мяркуецца, што ён быў камандзірам "эскадрона смерці", які выкрадаў і забіваў беларускіх апазіцыйных палітыкаў у 1999 годзе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі