У Беларусі правяралі баявую гатоўнасць "ветэранаў" унутраных войскаў
МУС РБ называе іх "добраахвотнікамі"
У Беларусі "раптоўна" правяралі баявую гатоўнасць "ветэранаў" спецпадраздзяленняў унутраных войскаў. МУС РБ называе былых байцоў "добраахвотнікамі". У вучэннях удзельнічалі больш за 500 чалавек ("добраахвотніцкі атрад "Смерч" і ўдзельнікі ветэранскай арганізацыі "Честь"). Некалькі дзён яны ўдасканальвалі навыкі па агнявой, тактычнай і медыцынскай падрыхтоўцы. Адпрацоўваліся тактычныя перамяшчэнні на полі бою, дзеянні на спецыяльным транспарце, вывучаліся новыя віды ўзбраення, праводзілася разведка мясцовасці з дапамогай беспілотнікаў.
Адзначаецца, што праверка адбылася на даручэнне Аляксандра Лукашэнкі. Яе правёў Саўбез. "Мэтай было праверыць аператыўнае апавяшчэнне, прыбыццё, наяўнасць экіпіроўкі ў вайсковай частцы, — кажа дзяржсакратар Савета бяспекі РБ Аляксандр Вальфовіч. — Пасля завяршэння праверкі вы вернецеся дадому да сваіх сем'яў". Ён паабяцаў расказаць аб выніках Лукашэнку, "што нам ёсць на каго спадзявацца ў выпадку неабходнасці". Ён таксама адзначыў, што падраздзяленні "добраахвотніцкія".
Вучэнні былых байцоў спецназу ўнутраных войскаў адбываюцца рэгулярна. У іх удзельнічае сумнавядомы палкоўнік Дзмітрый Паўлічэнка. "Ветэранаў" лічаць "рэзервам" для дзейных спецпадраздзяленняў, якіх нямала стварылі для абароны рэжыму Лукашэнкі. Іх рыхтуюць не толькі для падаўлення "масавых беспарадкаў" у Беларусі, але і для барацьбы з "дыверсійна-разведвальнымі групамі" ў памежжы, альбо нават і для ўдзелу ў баявых дзеяннях падчас вайны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.