Палякі ствараюць Міжнародны беларускі архіў, але не для Лукашэнкі
Пра пачатак гэтага праекту абвесціў варшаўскі "Цэнтр Карта". Ён збіраецца заснаваць архіў да канца 2013 года.
Згаданая польская фундацыя ўжо некалькі дзесяцігоддзяў займаецца зборам сведчанняў людзей пра падзеі ХХ стагоддзя не толькі ў Польшчы, але і на тэрыторыі нашай краіны. "Карта" мае багатыя архіўныя зборы, якія даступныя для даследчыкаў.
Ініцыятары праекта адзначаюць, што перыяд іх зацікаўлення — ХХ стагоддзе. Яны хочуць заняцца зборам дакументаў, успамінаў, фотаздымкаў, якія датычаць найноўшай гісторыі Беларусі. Заяўляецца, што ў цяперашняй Беларусі рэалізаваць такі праект немагчыма, таму гэта робіцца ў Польшчы. "Карта" абяцае, што ў будучыні архіўныя зборы перададуць у "дэмакратычную Беларусь".
Адзначым, што раней у Беларусі існавала грамадская структура "Архіў найноўшай гісторыі", якая займалася падобнай дзейнасцю. У супрацоўніцтве з "Картай", дарэчы.