Памежнікі Украіны каментуюць звесткі пра Рускі добраахвотніцкі корпус на мяжы
Мяжа Украіны
Апошнім часам рэжым Лукашэнкі актыўна выступае супраць узмацнення украінскіх вайсковых фармаванняў у Жытомірскай вобласці.
"Прыемна, зразумела, што яны не забываюць пра нашу дзяржаву, але хай не пераймаюцца, Украіна ім не пагражае, наадварот, мы вымушаныя абараняцца, у тым ліку і на беларускім кірунку, бо Беларусь працягвае падтрымліваць тэрарыстаў і ў свой час адкрыла мяжу для расійскіх акупантаў", — так спікер Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка пракаментаваў для Радыё "Свабода" заявы беларускіх памежнікаў на адрас Украіны.
Ён дадаў, што "пакуль Беларусь застаецца ў арбіце ўплыву краіны-тэрарыста, Украіна будзе нарошчваць сваю абароназдольнасьць, каб даць адпор усім, хто ідзе да нас з Беларусі з вайной".
Як расказвала Еўрарадыё, 28 чэрвеня беларускія памежнікі заявілі, быццам на ўкраінска-беларускай мяжы ў Жытомірскай вобласці бачылі байцоў Рускага добрааахвотніцкага корпуса. Гэтае злучэнне з траўня ўдзельнічае ў баях у Харкаўскай вобласці. Доказаў прысутнасці байцоў РДК на беларускай мяжы памежнікі не падалі.
Аднак у гэты ж дзень рэжым Лукашэнкі паведаміў, што да мяжы перакінуты дывізіён рэактыўнай сістэмы залпавага агню "Паланэз". Да якой канкрэтна мяжы яго перакінулі — не ўдакладнялася.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.