Памежны камітэт: Музыкантаў з ЗША затрымалі, бо яны няправільна падлічылі дні
Амерыканскіх піяністаў Анну Луіз Цюржон і Эдварда Цюржона беларускія памежнікі не прапускаюць на самалёт, бо яны парушаюць умовы бязвізавага рэжыму. Разам са штрафамі і дадатковымі квіткамі музыканты трацяць каля трох тысяч долараў.
“Гэтая інфармацыя павінна быць вядомая ўсім, каб дзікая сітуацыя, у якую трапілі нашы госці, не паўтарылася. Выбітныя піяністы Ганна Луіз Тюржон і Эдвард Тюржон пасля бліскучага выступу на фестывалі "Duettissimo" не змаглі паляцець дадому запланаваным рэйсам. Яны былі не дапушчаныя на самалёт, са словаў памежнікаў, "у сувязі з парушэннем закона аб пяцісутачным бязвізавым знаходжанні ў РБ". Праблема ўзнікла з-за рознага падліку сутак.
Лукашэнка 9 студзеня падпісаў указ №8, які ўстанаўлівае бязвізавы парадак уезду ў Беларусь на тэрмін не больш за 5 сутак пры ўездзе праз “Нацыянальны аэрапорт Мінск” для грамадзян 80 дзяржаў. З моманту прыбыцця нашых гасцей у Мінскі аэрапорт да адпраўлення дадому прайшло роўна 4 сутак і 17 гадзін. Але памежныя службы лічаць дні!”, ― абураецца ў Фэйсбуку адна з арганізатарак выступу амерыканцаў Наталля Громава.
Справа ў тым, што музыканты няправільна падлічылі бязвізавыя пяць дзён:
"Па указе, дзень прыбыцця разлічваецца ў поўным аб’ёме. Нават, калі вы прыехалі ўвечары, то гэта залічваецца ў адзін дзень. Гэта ўлічваецца і пастановай Саўміна. Няпоўны дзень прыбыцця залічваецца, як поўны”, ― тлумачыць прэс-сакратар Памежнага камітэта Антон Бычкоўскі.
Чытаем закон пра бязвізавы ўезд.
“Усталяваць бязвізавы парадак ўезду ў Рэспубліку Беларусь, выезду з Рэспублікі Беларусь у пункце пропуску праз Дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь Нацыянальны аэрапорт Мінск і часовага знаходжання на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь на тэрмін не больш за пяць сутак з дня ўезду”, ― гаворыцца ва ўказе.
То бок суткі сапраўды адлічваюцца са дня ўезду, не важна, у які час.
Памежнікі штраф замежным музыкам не выпісвалі, гэтым займаецца міліцыя.Такое парушэнне ўмоваў прабывання ў краіне можа каштаваць да 460 рублёў штрафу.
А вось прыязджаць у Беларусь без візы і граць канцэрты можна, працоўная віза для гэтага не патрэбная, што пацвярджаюць у Галоўным консульскім упраўленні Міністэрства замежных спраў.