Памежны камітэт — пра абмежаванні на мяжы з Літвой, Польшчай, Латвіяй і Украінай

Памежны камітэт — пра абмежаванні на мяжы з Літвой, Польшчай, Латвіяй і Украінай

Увечары 29 кастрычніка Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі нарэшце пракаментаваў сітуацыю на межах з краінамі ЕС і Украінай. У чацвер нечакана ўзніклі праблемы з уездам у нашу краіну і ніякіх тлумачэнняў не было.

"У сувязі з эпідэмічнай сітуацыяй, якая склалася ў сумежных краінах, Рэспубліка Беларусь часова абмяжоўвае ўезд на сваю тэрыторыю праз наземныя пункты пропуску асобных катэгорый фізічных асоб з Латвіі, Літвы, Польшчы і Украіны", — паведамляе прэс-служба ДПК.

Далей адзначаецца, што пад абмежаванні не патрапляюць дыпламаты, дальнабойнікі, якія выконваюць міжнародныя аўтамабільныя перавозкі, члены брыгад цягнікоў, якія таксама выконваюць міжнародныя рэйсы.

Пры гэтым пункт пропуску ў Нацыянальным аэрапорце Мінск "функцыянуе без вышэйпазначаных абмежаванняў". Атрымліваецца, што беларусы змогуць вярнуцца на радзіму самалётам.

Такім чынам, абмежаванні часовыя, але колькі яны будуць дзейнічаць, не паведамляецца.

Афіцыйны прадстаўнік Дзяржпамежкамітэта Беларусі Антон Бычкоўскі паведаміў ТАСС, што грамадзян Беларусі прапускаюць у краіну праз наземныя пункты пропуску. Раней некалькі гадзін яны не маглі вярнуцца на радзіму з Польшчы, Літвы, Латвіі, Украіны і заставаліся на мяжы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі