"Паміраць за Украіну — калі ласка, жыць — не". Як беларусу прадоўжыць ВНЖ?

Як беларусу прадоўжыць ВНЖ? / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Як беларусу прадоўжыць ВНЖ? / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

"Нягледзячы на ўсе заявы, праблема легальнага пражывання беларусаў на тэрыторыі Украіны застаецца актуальнай дагэтуль", — расказвае Еўрарадыё кіраўнік службы юрыдычнай дапамогі Free Belarus Center Уладзімір Жбанкоў.

12 мая кіраўніца Дзяржаўнай міграцыйнай службы Украіны Наталля Навуменка паведаміла, што пасля працяглай паўзы, звязанай з вайной, у краіне адновяць выдачу дазволаў на пастаяннае і часовае пражыванне грамадзянам Беларусі.

Гэтая заява асабліва ўзрадавала тых беларусаў, якія, ратуючыся ад рэпрэсій у сябе на радзіме, выехалі ва Украіну: знайшлі ці нават купілі жыллё, уладкаваліся на працу, адправілі дзяцей у школу. А пасля нападу Крамля вырашылі заставацца і чакаць перамогі разам з украінцамі.

Уладзімір Жбанкоў кажа, што, калі ў людзей заканчваюцца тэрміны віду на жыхарства альбо яны заканчваліся ў перыяд пасля 24 лютага (тады казалі "чакайце, усё будзе добра"), яны прыходзяць у міграцыйную службу і зноў сутыкаюцца з праблемай:

“Умирать за Украину — пожалуйста, жить — нет”. Как белорусу продлить ВНЖ?

"Чалавека адпраўляюць у аддзел барацьбы з нелегальнай міграцыяй, дзе на яго складаюць пратакол. Там жа выпісваюць пастанову аб парушэнні тэрмінаў легальнага знаходжання, накладаюць штраф і ставяць вялікую квадратную пячатку, дзе напісана, што асобе неабходна кудысьці вяртацца (куды — незразумела), і пастаўленая дата. Тэрмін на вяртанне даецца невялікі — прыкладна адзін каляндарны тыдзень. Убачыўшы такі сюрпрыз, людзі губляюцца: тэрмін маленькі, выходныя... і паспець нешта абскардзіць вельмі цяжка. Пры гэтым у міграцыйнай службе часта кажуць, што чалавеку трэба выехаць з краіны, вярнуцца назад, аднавіць тэрміны, і ўсё зноў будзе добра. На разумную заўвагу "мяне могуць не пусціць назад" адказваюць, што гэта справа памежнікаў, а ў самой службы прэтэнзій ніякіх няма".

"На мяжы мне сказалі, што выпусцяць, але назад не пусцяць"

З праблемай легалізацыі сутыкнулася беларуска Іна Зайцава, якую многія запомнілі па пратэстах у 2020 годзе. На мірныя маршы жанчына выходзіла ў БЧБ-сукенцы нявесты. 

Сутыкнуўшыся з беззаконнем у Беларусі, разам з мужам і дзецьмі яна пераехала ва Украіну. Сям'я купіла дом і паволі пачала наладжваць сваё жыццё. Іна катэгарычна супраць вайны і "трубіць" пра гэта ва ўсіх сваіх сацыяльных сетках, лічачы, што так дапамагае іншым людзям змагацца з пуцінскай прапагандай у інфармацыйным полі.

“Умирать за Украину — пожалуйста, жить — нет”. Как белорусу продлить ВНЖ?
Іна Зайцава / "Новы Час"

“Усё, легальна пражываць ва Украіне я не магу, бо скончыўся тэрмін дзеяння часовага віду на жыхарства, — абураецца Іна. — Пры гэтым я паспрабавала выканаць закон: заплаціла штраф 150 долараў, бо згубіла саму "корачку". Мне паведамілі, што цягам сямі дзён я абавязаная пакінуць тэрыторыю Украіны, потым заехаць і зрабіць новы дакумент. Я з'ездзіла на мяжу з Малдовай, паказвала там дакументы, тлумачыла, што ў мяне тут дом, двое дзяцей, і наогул я журналіст, стараюся чымсьці дапамагаць і, здаецца, добры чалавек. На мяжы мне сказалі, што выпусцяць, але назад не пусцяць, таму што ў іх загад: грамадзян Расіі і Беларусі не пускаць ні пры якіх абставінах, калі ты, вядома, не гатовы пайсці паміраць за Украіну ці ў цябе тут украінскі муж або ўкраінскія дзеці. Таму я развярнулася і з 17 чэрвеня раблюся нелегалкай. 

Мне здаецца гэта вельмі несправядлівым, бо я дакладна ведаю, што ў палку Кастуся Каліноўскага пастаянна папаўненні. Выходзіць, што паміраць за Украіну — калі ласка, а жыць — не, прабачце. Аж да мурашак... "

 

Што рабіць, калі вам кажуць з'ехаць за сем дзён?

Па словах кіраўніка службы юрыдычнай дапамогі Free Belarus Center, сёння нельга назваць дакладную колькасць беларусаў, якія сутыкнуліся з праблемай легалізацыі ва Украіне. Для гэтага неабходна як мінімум і днём і ноччу дзяжурыць ля аддзелаў па барацьбе з нелегальнымі мігрантамі па ўсёй краіне. Расказваючы пра сваю практыку, юрыст кажа пра дзясяткі такіх выпадкаў. Як быць?

"Па-першае, самім украінцам неабходна выконваць дзейнае міграцыйнае заканадаўства, бо ніякай нормы, якая прадпісвае тое, што чалавек так хутка абавязаны з'ехаць і потым яго могуць яшчэ і не пусціць, мы не бачылі, — адзначае Уладзімір Жбанкоў. — Калі вам паведамілі, што неабходна выехаць, нагадаю, што на сайце міграцыйнай службы ёсць спецыяльны раздзел, дзе можна напісаць зварот, хоць бы зафіксаваць гэты факт. Часу мала, але трэба паспрабаваць абскардзіць гэтае рашэнне, пакуль знаходзіцеся ў краіне. Далей можна апеляваць да міграцыйных уладаў і, магчыма, судовых. Не маўчыце пра сваю праблему, звяртайцеся па кансультацыю да спецыялістаў, каб зэканоміць час". 

Нагадаем: кіраўнік Кабінета прадстаўнікоў Святланы Ціханоўскай Валерый Кавалеўскі сустрэўся з дарадцам міністра МУС Украіны Антонам Герашчанкам у Кіеве, каб абмеркаваць пытанне атрымання і падаўжэння часовага віду на жыхарства для беларусаў.

Пасля сустрэчы ў Офісе Ціханоўскай паведамілі, што суразмоўцы дасягнулі паразумення што да неабходнасці вырашэння гэтай праблемы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі