Памёр адзін з першых аўтараў электроннай музыкі Вангеліс
Вангеліс / kathimerini.gr
Памёр Вангеліс — вядомы кампазітар, адзін з першых аўтараў і выканаўцаў электроннай музыкі, паведамляе грэцкае выданне "Кацімерыні". Яму было 79 гадоў.
Яго музыка гучыць у многіх фільмах, у тым ліку "Бягун па лязе", "Аляксандр", "Прывід оперы". За саўндтрэк да спартыўнай драмы "Вогненныя калясніцы", якая выйшла ў 1981 годзе, Вангеліс атрымаў прэміі "Оскар" і "Грэмі". Загалоўны трэк з альбома зрабіўся адзінай грэцкай кампазіцыяй у гісторыі, якая ўзначаліла нацыянальны хіт-парад ЗША.
Ён пісаў і іншую музыку — сімфанічную і харальную. Балеты Вангеліса ідуць у тэатрах Грэцыі і іншых краін. У 1993 годзе ён напісаў вакальную сімфонію "Mythodea", якая пазней зрабілася афіцыйнай музыкай місіі НАСА "Марс Адысей". Акрамя таго, Вангеліс быў аўтарам гімна чэмпіянату свету па футболе 2002 года ў Японіі і Паўднёвай Карэі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.