Памёр былы беларускі прэм'ер Вячаслаў Кебіч
Памёр былы беларускі прэм'ер-міністр Вячаслаў Кебіч. Яму было 84 гады.
Кебіч — ураджэнец Валожыншчыны. Прайшоў шлях ад інжынера-тэхнолага Мінскага завода аўтаматычных ліній да дырэктара прадпрыемстваў. Быў загадчыкам аддзела ЦК КПБ. У Саўміне — з 1985-га, быў намеснікам старшыні. Кіраўніком ураду БССР, а пасля незалежнай Беларусі з'яўляўся ў 1990-1994 гадах. Быў народным дэпутатам СССР (1989 — 1991). Кандыдат эканамічных навук.
Вячаслаў Кебіч разам з кіраўніком парламента Станіславам Шушкевічам удзельнічаў у вядомай нарадзе ў Віскулях у Белавежскай пушчы, якая пахавала СССР. Падпісаў пагадненні. Праўда, пасля ён ужо асуджаў развал Савецкага Саюза.
У 1994 годзе ў другім туры Вячаслаў Кебіч прайграў прэзідэнцкія выбары Аляксандру Лукашэнку (атрымаў толькі 14,1% галасоў). Напісаў і апублікаваў успаміны "Спакушэнне ўладай" пра сваё жыццё. З 1994 года быў старшынём Беларускага гандлёва-фінансавага саюза.
Вядома, што пры канцы лістапада Кебіч захварэў на COVID-19. Як даведалася Еўрарадыё, ён памёр у лякарні.
Еўрарадыё выказвае спачуванні сваякам і сябрам Вячаслава Кебіча.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.