Кебіч: “Калі б мая кніга нікога не пакрыўдзіла, яе не трэба было б пісаць”
Экс-прэм’ер распавёў, як выкінуў першы варыянт рукапісу, каго ён у ёй пакрыўдзіў і ці ёсць там штосьці пра Лукашэнку.
Напярэдадні з’яўлення ў продажы кнігі ўспамінаў Вячаслава Кебіча “Спакушэнне ўладай” былы прэм’ер-міністр Беларусі расказаў Еўрарадыё пра тое, чаму не лічыць яе кнігай мемуараў, як выкінуў першы варыянт рукапісу, каго ён у ёй пакрыўдзіў і ці ёсць там штосьці пра Лукашэнку. Еўрарадыё: Мемуары пішуць тады, калі ў чалавека назапасілася шмат чаго, аб чым ён хоча расказаць. Альбо ён лічыць, што менавіта зараз наспеў для гэтага час. Што да напісання падштурхнула вас? Чаму менавіта зараз?
Вячаслаў Кебіч: “Маю кнігу нельга назваць мемуарамі. Мемуары, гэта калі чалавек узгадвае ўсё сваё жыццё. Я пра сваё жыццё пішу вельмі мала. Я пішу пра падзеі -- і да развалу Савецкага Саюзу, і ажно па сённяшні дзень, якія разгортваліся вакол мяне. Таму кніга носіць больш публіцыстычны і палітычны характар, чым мемуарны. А пісаць я пачаў два гады таму. Першую напісаную кнігу я выкінуў – яна мне вельмі не спадабалася. І пачаў пісаць усё наноў. А што тычыцца, чаму вырашыў пісаць... Я не хацеў і не думаў гэтага рабіць. Але падчас сустрэч з сябрамі і буйнымі кіраўнікамі апынулася, што многія не ведаюць, што адбывалася ў ранейшы перыяд. І яны мяне папракалі тым, што я не напісаў пра тыя падзеі, якія я ведаю лепш, чым хто іншы”.
Еўрарадыё: Напрыклад?
Вячаслаў Кебіч: “Да прыкладу, возьмем Белавежскія падзеі. Кожны з трох кіраўнікоў, якія падпісвалі дакумент, спрабуе паказаць сябе героем гэтых пагадненняў. Хоць іх выказванні носяць часам супярэчлівы характар. Так, Краўчук на гэты конт выказваўся двойчы і кожны раз па-рознаму. Адзін раз сказаў: “Калі б я ведаў, што будзе пасля падпісання пагаднення, я б адсек сабе руку”. А потым кажа, што яны зрабілі правільную справу і здзейснілі подзвіг. Я ж паспрабаваў вызначыць гэтыя падзеі такімі, якімі яны былі, і як усё на самой справе адбывалася”.
Еўрарадыё: А сваё стаўленне выказваеце да тых падзей?
Вячаслаў Кебіч: “Я пішу там пра тое, што трэба было, каб тры рэспублікі ўзялі і зрабілі нешта такое, як абавязковае, і пакуль не выканалі б гэтыя патрабаванні, не ўступалі б у СНД. І выказваюся наконт таго, што Ельцын мог стаць аб’яднаўцам трох рэспублік, а стаў іх разбуральнікам. Вось да такіх высноў я часам прыходжу”.
Еўрарадыё: Ці давалі вы чытаць рукапіс каму-небудзь з сяброў, калег, апанентаў?
Вячаслаў Кебіч: “Даваў асобныя рукапісы, але не ўсю кнігу. Калі даваць усё, то можна скаціцца на шлях тых, хто табе нешта рэкамендуе”.
Еўрарадыё: Ці ёсць у кнізе моманты, на якія асобныя людзі могуць пакрыўдзіцца?
Вячаслаў Кебіч: “Калі б такіх момантаў не было, не трэба было б і выдаваць гэтую кнігу”.
Еўрарадыё: Ведаеце, хто абавязкова пакрыўдзіцца?
Вячаслаў Кебіч: “Я не буду называць прозвішчы. Няхай прачытаюць самі кнігу”.
Еўрарадыё: Які самы востры момант у кнізе?
Вячаслаў Кебіч: “Маё супрацьстаянне, і ўрада, супраць нацыяналістычных сіл Беларусі. Супраць Беларускага Народнага фронту. І ў Беларусі прайграў нацыяналізм. Калі ўзгадаеце, пасля развалу Саюза нацыяналістычныя сілы вырашылі ўзяць рэванш і дзе-нідзе гэта скончылася вялікай кроўю. У нас гэтага не адбылося”.
Еўрарадыё: Ці не падаецца вам, што ў выніку адбыўся адкат ад нацыянальнай культуры і традыцый?
Вячаслаў Кебіч: “Я пра гэта не буду нічога казаць”.
Еўрарадыё: Ці ёсць тое, пра што вы хацелі б расказаць, але ў кнігу яно чамусьці не ўвайшло?
Вячаслаў Кебіч: “Любы аўтар не заўсёды можа выказацца да канца”…
Еўрарадыё: У палітыцы ёсць сябры, ці сяброўства ад палітыкі не залежыць?
Вячаслаў Кебіч: “З-за яе часам можна так пасварыцца са сваім лепшым сябрам, што перастанеш быць сябрамі. Гэта ў мяне на самой справе ў жыцці адбылося. З кім-- не скажу”.
Еўрарадыё: Кніга ваша сухая, ці там ёсць і эмоцыі?
Вячаслаў Кебіч: “Безумоўна, ёсць эмоцыі”.
Еўрарадыё: Самыя моцныя звязаныя з якім перыядам жыцця? Можа, з 1994 годам, калі вы прайгралі прэзідэнцкія выбары?
Вячаслаў Кебіч: “У тым ліку і ў звязе з 94 годам. Калі б я пісаў кнігу дзесьці ў 95-96 гадах, я б ёй быў зараз незадаволены. Усё гэта ў маім жыцці прайшло, і зараз я яе пісаў як пабочны назіральнік над падзеямі і над эмоцыямі”.
Еўрарадыё: Ці будзеце вы камусьці дарыць сваю кнігу з аўтографам?
Вячаслаў Кебіч: “У першую чаргу сваім самым блізкім сябрам”.
Еўрарадыё: А каму канкрэтна?
Вячаслаў Кебіч: “Яны пра гэта даведаюцца, калі атрымаюць кнігу. Назваць аднаго-другога – гэта пакрыўдзіць астатніх”.
Еўрарадыё: У 90-я гады вашым самым галоўным апанентам і нават праціўнікам быў Шушкевіч. Якія ў вас зараз адносіны?
Вячаслаў Кебіч: “Самыя добрыя. Калі вы звярталі ўвагу, то ні ён нідзе мяне: ні ў газетах, ні па радыё, ні па тэлебачанні -- ні я яго ні аднаго разу не папракнулі і не абазвалі дрэнным словам. Няхай мы вельмі моцна разыходзіліся ў сваіх меркаваннях, але стараліся, каб народ, які сачыў за намі, думаў, што мы праводзім адзіную палітыку”.
Еўрарадыё: Ці выказваецца ў кнізе ваша меркаванне наконт таго, як сябе паводзіць ва ўладзе Лукашэнка?
Вячаслаў Кебіч: “Ёсць і пра гэта”.
Еўрарадыё: Яму кнігу падаруеце?
Вячаслаў Кебіч: “Абавязкова!”