Пашкоджаны мемарыял загінулым беларусам у Кіеве будуць аднаўляць актывісты

Вольга Гальчанка на адкрыцці мемарыяла загінулым беларусам у Кіеве

Вольга Гальчанка на адкрыцці мемарыяла загінулым беларусам у Кіеве / svaboda.org

За аднаўленне памятнага знаку ў Кіеве, прысвечанага загінулым за Украіну беларусам, возьмуцца актывісты. Аднавіць пашкоджаныя элементы абяцаюць ініцыятары ўсталявання мемарыялу, перадае "Радыё Свабода".

Пашкоджанне помніка мусіць расследаваць Служба бяспекі Украіны. Такое меркаванне выказала журналістам Анжэла Душаева — прадстаўніца дабрачыннага фонду "Валошка", адна з ініцыятарак стварэння мемарыяла ў 2016 годзе.

"Тое, што адбылося (знялі герб і надпісы "Жыве Беларусь!" і "Слава Украіне"), гэта дакладна зрабілі не ўлады. І на вандалізм гэта не падобна, бо ў такім выпадку хутчэй бы пашкодзілі партрэты. Гэта планамерная правакацыя, якая можа быць выгадная толькі спецслужбам Лукашэнкі", — мяркуе Душаева. На яе думку, акцыя можа быць звязаная з тым, што полк Каліноўскага ва Украіне зноў абвясціў набор добраахвотнікаў.

Яна нагадала, што ў 2016 годзе мемарыял быў усталяваны з дазволу кіеўскіх уладаў.

Украінская валанцёрка Вольга Гальчанка, якая ў 2016 годзе займалася ўсталяваннем помніка, абяцае, што ён будзе адноўлены. Па яе словах, пашкоджанне мемарыяла добраахвотнікам менавіта 1 кастрычніка было цынічным, бо ў гэты дзень ва Украіне адзначаюць Дзень абаронцаў.

Журналісты "Свабоды" не змаглі датэлефанавацца да Шаўчэнкаўскай раённай адміністрацыі Кіева, каб атрымаць каментар наконт здарэння. У Кіеўскай гарадской пракуратуры заявілі, што да іх пакуль ніхто не звяртаўся.

Пра інцыдэнт з помнікам стала вядома на выходных. Невядомыя людзі прыбралі з яго герб "Пагоня" і лозунгі "Жыве Беларусь!" і "Слава Украіне".

Сам помнік з удзелам ганаровай варты быў адкрыты ў сакавіку 2016 года. Яго паставілі з ініцыятывы некалькіх украінскіх арганізацый, а таксама Тактычнай групы "Беларусь", якую на той час арганізавалі беларускія добраахвотнікі, якія ваявалі за Украіну.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі