Пашынян абвінаваціў Лукашэнку ў распаўсюдзе закрытай інфармацыі пра АДКБ

Пашынян абвінаваціў Лукашэнку ў распаўсюдзе закрытай інфармацыі пра АДКБ

Выканаўца абавязкаў прэм’ер-міністра Арменіі Нікол Пашынян будзе патрабаваць ад кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі тлумачэнняў у сувязі з вынясеннем закрытай інфармацыі пра Арганізацыю дамовы калектыўнай бяспекі. Нагодай для абурэння стаў той факт, што 12 лістапада Лукашэнка на сустрэчы з амбасадарам Азербайджана Лаціфам Гандзілавым распавёў, як прайшла сустрэча Савета АДКБ і як абмяркоўвалася пытанне прызначэнне новага генсека арганізацыі. Пры гэтым Азербайджан не з’яўляецца чальцом АДКБ, а пасяджэнне Савета праходзіла па-за зачыненымі дзвярыма.

“Гэта прыкладна тое ж самае, калі б, напрыклад, я запрасіў нейкага замежнага амбасадара краіны, якая не з’яўляецца чальцом АДКБ, і распавёў яму пра пасяджэнне, якое прайшло ў фармаце зачыненых дзвярэй. Я здзіўлены, што чалавек, які займае статус кіраўніка дзяржавы цягам 30 гадоў, мог дазволіць сабе падобны крок. І я, вядома, павінен патрабаваць тлумачэнняў ад прэзідэнта Беларусі і не толькі ад прэзідэнта Беларусі”, — цытуе Пашыняна агенцтва News.am.

Пашынян мае прэтэнзіі і да прэзідэнта Казахстана, які выказаўся, што наступным генсекам АДКБ стане прадстаўнік Беларусі. Армянскі лідар нагадаў, што такія рашэнні прымаюцца ў выніку кансенсусу, а яго краіна дакладна выказала сваю пазіцыю.

Раней пра некарэктнасць паводзінаў Лукашэнкі выказвалася МЗС Арменіі.

Сустракаючыся з азербайджанскім дыпламатам, кіраўнік Беларусі заявіў наступнае: “Натуральна, варыянтаў было шмат. І гэта не значыць, што мы ўшчымілі Арменію, што нехта перамог, нехта прайграў. Пытанне ў тым, што Нікол Пашынян павінен проста ва ўрадзе разабрацца з сітуацыяй, бо гэтая краіна сёння ачольвае ЕАЭС, наш эканамічны саюз, і АДБК – вельмі вялікая нагрузка на краіну, якая знаходзіцца ў такім пераходным перыядзе. І ці дасць рады Арменія? Калі Нікол Пашынян разбярэцца і дасць нам адказ, гэта будзе ў Санкт-Пецярбургу”, — заявіў тады Лукашэнка.

Сёння ў АДКБ уваходзяць Беларусь, Казахстан, Арменія, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан.

МЗС Беларусі ўжо зрэагаваў на выказванні Нікола Пашыняна. Як адзначыў прэс-сакратар ведамства Анатоль Глаз у каментары парталу TUT.by, у вялікай палітыцы неабходна кіравацца не правіламі «вулічнай дэмакратыі», а прынятымі цалкам дакладнымі нормамі дыпламатычнага пратаколу.

“Відаць, выканаўца абавязкаў прэм’ер-міністра Арменіі ўявіў сябе міжнародным пракурорам, упаўнаважаным караць або мілаваць”, — сказаў Анатоль Глаз.

У беларускім МЗС перакананыя, што такое абыходжанне можа быць прымальным у дачыненні да былога генсека АДКБ, грамадзяніна Арменіі Юрыя Хачатурава, але ў міждзяржаўных зносінах існуюць дакладныя нормы пратаколу і этыкету.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі