Пасля паездкі ў Беларусь семярых індыйцаў прымусілі ваяваць супраць Украіны
Індыйцы, якія паехалі ў Беларусь, а трапілі ў расійскае войска
Сямёра індыйцаў апынуліся ў шэрагах расійскага войска пасля паездкі ў Беларусь, паведамляе NDTV.
Мужчыны кажуць, што напрыканцы снежня 2023-га прыехалі ў Расію сустракаць Новы год. Па іх словах, нейкі турагент прапанаваў ім таксама наведаць Беларусь. Індыйцы тлумачаць: "Мы не ведалі, што нам патрэбная віза. Калі мы прыбылі ў Беларусь, агент папрасіў у нас грошы, а потым знік".
Магчыма, індыйцы планавалі, як і іншыя мігранты, нелегальна перайсці ў Еўрасаюз праз Беларусь, але ім трапіўся несумленны праваднік.
Пасля гэтага іх затрымала беларуская міліцыя і перадала расійскім уладам, а тыя прымусілі падпісаць дакументы, складзеныя па-руску. У іншым разе індыйцам пагражалі 10-гадовым зняволеннем. У выніку індыйскія грамадзяне апынуліся кантрактнікамі ў расійскім войску.
У МЗС Індыі кажуць, што гэта не першы выпадак. У падобнай гісторыі апынуўся 31-гадовы Азад Юсуф Кумар. Праз некалькі дзён пасля яго "залічэння" ў войска Кумар быў у баі паранены ў нагу. Таксама ёсць паведамленні прынамсі пра дзесяць індыйцаў, якія ехалі ў Расію працаваць ахоўнікамі ці чорнарабочымі, але апынуліся на расійска-ўкраінскай вайне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.