У Баварыі затрымалі беларуса, які перавозіў мігрантаў
Машына, на якой беларус перавозіў сірыйцаў, была на польскіх нумарах
Нямецкая паліцыя затрымала ў Баварыі чарговага беларуса, які перавозіў мігрантаў. Паліцыянты спынілі для праверкі аўтамабіль з польскімі нумарамі. Высветлілася, што машына заехала ў Германію з Аўстрыі. У кіроўцы — 46-гадовага беларуса — дакументы былі ў парадку, але ў пасажыраў дакументаў, якія дазваляюць знаходжанне ў краіне, не аказалася. Пасажыры — грамадзяне Сірыі ва ўзросце 21, 26 і 30 гадоў.
Пазней адзін з мігрантаў расказаў паліцыянтам, што з беларусам яны пазнаёміліся ў Славеніі. Дамовіліся, што ён давязе іх у Мюнхен. За паслугу гэты мужчына заплаціў некалькі тысяч еўра.
Дададзім, што ў канцы студзеня ў гэтай жа зямлі паліцыянты затрымалі іншага беларуса, які таксама перавозіў сірыйцаў без дакументаў. На патрабаванне паліцыі ён не спыніўся. Пачаўся пераслед. Беларус кінуў машыну, а затым распырскаў пярцовы балончык у твар паліцыянта, які яго пераследваў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.