Пасля выбуху на "Магілёўдрэве" Румас даручыў праверыць прадпрыемствы
У сувязі з выбухам на "Магілёўдрэве" прэм'ер-міністр Сяргей Румас даручыў праверыць іншыя прадпрыемствы. Пра гэта на пасяджэнні камісіі па надзвычайных сітуацыях пры Саўміне 27 верасня паведаміў віцэ-прэм'ер Уладзімір Кухараў, інфармуе БЕЛТА.
Па яго словах, прверка мусіць адбыцца на ўсіх прадпрыемствах, якія знаходзяцца ў зоне рызыкі. Узначаліць праверку мусіць Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. "Таксама даручана разгледзець пытанне стану абсталявання, сістэм, якія павінны працаваць па прадухіленні такіх сітуацый", — дадаў Кухараў.
Вынікі праверкі плануецца разгледзець на пасяджэнні камісіі па надзвычайных сітуацыях пры Саўміне ў лістападзе.
Намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Руслан Пархамовіч распавёў, што выбух на "Магілёўдрэве", паводле папярэдняй версіі, адбыўся праз лакафарбавыя кампаненты, не прадугледжаныя для выкарыстання ў фарбавальнай камеры. З шасці людзей, якія атрымалі траўмы, трое знаходзяцца ў апёкавым цэнтры ў Мінску, у найбольш пацярпелага — 67% апёкаў цела. У Магілёве на 27 верасня запланаваная выпіска аднаго са шпіталізаваных, які атрымаў хімічныя апёкі вачэй.
Інцыдэнт адбыўся увечары 25 верасня ў лакафарбавым цэху прадпрыемства. Там узнік пажар, і адначасова прагрымеў выбух. Пажар ліквідавалі супрацоўнікі МНС. Падчас выбуху ў памяшканні былі дзевяць работнікаў.
Расследаванне па факце выбуху узяў пад асабісты кантроль старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч.