Пастаўкі курыных яек з Беларусі ў Расію летась выраслі на 39%

Яйкі, ілюстрацыйнае фота

Яйкі, ілюстрацыйнае фота / pexels.com

У 2024 годзе пастаўкі курыных яек з Беларусі ў Расію выраслі на 39%. Такую статыстыку апублікаваў Рассельгаснагляд.

Сярод краін, якія экспартавалі курыныя яйкі ў Расію, Беларусь па выніках 2024 года заняла першае месца. Наша краіна паставіла ў Расію больш за 710 тысяч яек.

Агулам Расія летась імпартавала 818,5 тысячы яек. Гэта ў 1,6 разу больш, чым у 2023-м.

Акрамя Беларусі ў тройку найбуйнейшых пастаўшчыкоў яек увайшлі Азербайджан і Турцыя. Але адтуль было імпартавана 48,7 тысячы і 44,3 тысячы штук адпаведна. Прычым пастаўкі яек з Турцыі пачаліся толькі ў 2024 годзе.

Дарэчы, у самой Беларусі вытворчасць курыных яек летась таксама вырасла, хоць і не ў такім маштабе. Паводле даных Белстата, было выраблена 3,713 мільярда штук, або на 8% больш, чым у 2023 годзе.

Крызіс з яйкамі ўзнік у Расіі напрыканцы 2023 года. Беларускія пастаўшчыкі хутка адрэагавалі на павышаны попыт. У выніку за першыя пяць месяцаў 2024 года Расія закупіла ў Беларусі ў 2,5 разу больш яек, чым за той жа перыяд 2023-га.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі