Паўднёвакарэйскія драмы прызнаныя экстрэмісцкімі (у Паўночнай Карэі): #ІхНоравы
Кароткі агляд сусветных навін
Хочаце дом за 15 цэнтаў у Харватыі? Тады чытайце наш чарговы рэгулярны агляд сусветных навін. Збіраем у ім навіны з усяго свету, якія нельга прапусціць
Прызнаныя экстрэмісцкімі
У Паўднёвай Карэі кажуць, што іх паўночныя суседзі асуджаюць падлеткаў на катаржныя работы за прагляд забароненых паўднёвакарэйскіх драмаў.
CNN са спасылкай на паўднёвакарэйскую даследчыцкую групу піша, што нядаўна прайшоў публічны суд. Судзілі падлеткаў, якіх заспелі за "праглядам і распаўсюдам" паўднёвакарэйскага відэа. Іх абвінавачваюць у тым, што яны паглядзелі і перадалі іншым дзясяткі фільмаў і тэлешоу.
Кожнага асудзілі на 12 гадоў папраўчых работ.
Ні на што не намякаем, але калі вы ў Беларусі, не забывайце ў пятніцы правяраць абнаўленні ў спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Яшчэ на крок бліжэй да NATO
Турэцкія дэпутаты ўхвалілі заяўку Швецыі на ўступленне ў NATO. Галасаванне доўга адкладалі, і вось дэпутаты нарэшце змаглі выказацца. Цягам некалькіх дзён прэзідэнт Турцыі Рэджэп Эрдаган, імаверна, падпіша адпаведны закон.
@jlo A coat made of 7,000 real rose petals kept fresh and alive by sugar water, also known as hummingbird nectar. Designed especially for me by Daniel Roseberry for Schiaparelli Couture 2024. Excited for this journey into my Hearts + Flowers Era…#ThisIsMeNow ♬ Can't Get Enough - Jennifer Lopez
Такая вось новая раскоша. І пагадзіцеся, 7 тысяч пялёсткаў руж — гэта нашмат лепш, чым 125 гарнастаяў (столькі трэба для футра з гарнастая сярэдняга памеру).
Пінгвіны супраць глабальнага пацяплення
І яшчэ добрыя навіны. Даследчыкі Антарктыды знайшлі ўсіх імператарскіх пінгвінаў на кантыненце. Па спадарожнікавых здымках яны вылічылі 4 новыя калоніі — здаецца, цяпер усе наяўныя ў свеце пары пінгвінаў пад кантролем.
Чаму выяўленне новай калоніі — гэта важна? Усяго ў свеце засталося толькі 550 тыс. імператарскіх пінгвінаў. Так-так, гэта тыя самыя велізарныя пінгвіны больш за метр у вышыню.
Праз змены клімату гэтыя пінгвіны аказаліся пад пагрозай вымірання. Рэч у тым, што імператарскія пінгвіны выкормліваюць дзіцянятаў на марскім лёдзе, злучаным з узбярэжжам — так званым прыпаі. Але праз глабальнае пацяпленне ў некаторых частках Антарктыды гэтага лёду стала менш.
Вядомы выпадак, калі прыпай раскалоўся — і птушкі, якія на ім знаходзіліся, патанулі або замерзлі. Калі ўсё яшчэ лічыце, што глабальнае пацяпленне — не ваша справа, тэрмінова перагледзьце вясёлыя відэа з пінгвінамі.
Ну што, усё яшчэ думаеце, што чалавецтва можа без іх абысціся?
Замест размеркавання
У барацьбе з выміраннем вёсак усе сродкі добрыя. Беларускі сродак вы ведаеце — раз-пораз палохаюць павелічэннем тэрміну размеркавання. Але ёсць і іншыя.
Італія, напрыклад, ужо некалькі гадоў распрадае дамы ў маланаселеных мястэчках і вёсках за... 1 еўра. А цяпер гэтым шляхам пайшла і Харватыя. У мясцовай абшчыне Леград дамы яшчэ таннейшыя — па 15 цэнтаў.
Калі харваты арганізоўвалі такую "раздачу" дамоў мінулым разам, жыхары павінны былі пагадзіцца пражыць у амаль бясплатным доме 15 гадоў. Ці ёсць такая ўмова цяпер, пакуль незразумела.
Купіць дом можа не кожны. Кандыдаты на грашовае жыллё павінныя быць маладзейшыя за 45 гадоў, быць у шлюбе, не мець судзімасці.
Такім чынам мясцовыя ўлады спрабуюць павялічыць насельніцтва гарадка да 2 тысяч чалавек.
Упершыню такую акцыю правялі 5 гадоў таму — і ў выніку абшчына проста цяпер будуе свой першы дзіцячы садок. Здаецца, спрацавала!
Дарэчы, тут мы расказвалі, як невялікі ўкраінскі гарадок Свалява ў Закарпацце развівае малы бізнес падчас вайны. Дамы за капейкі там не аддаюць — ахвочых пасяліцца ў Сваляве і так дастаткова.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.