Паўла Севярынца ў турме трымалі ў камеры з трыма ВІЧ-інфікаванымі
16 жніўня на волю выйшаў сустаршыня БХД Павал Севярынец. Ён адбываў на Акрэсціна 10-сутачны арышт за акцыі ў абарону Курапатаў.
Па словах Севярынца, якія перадае Радыё "Свабода", яго трымалі ў адной камеры з трыма ВІЧ-інфікаванымі. "ВІЧ-інфікаваных павінны трымаць у асобных памяшканнях. Самі хлопцы, канечне, не вінаватыя, а вінаватыя тыя, хто пасадзіў іх са мной. Прычым, аднаго ВІЧ-інфікаванага з трэцяй стадыяй (гэта ўжо апошняя перад СНІДам), відаць, шукалі па ўсім Мінску, каб ён адседзеў 5 сутак за правапарушэнне, здзейсненае ў 2011 годзе", — распавёў палітык.
Ахоўнікі распавялі, кажа Севярынец, што на Акрэсціна шмат такіх хворых. Прычым тое, што яго сукамернікі хворыя, палітык высветліў пры канцы адседкі, калі пабачыў, што яны прымаюць адмысловую тэрапію.
Дарэчы, у турме Севярынцу вярнулі забраны раней рукапіс другой кнігі рамана "Беларусалім", дазволілі мець асадку — і ён працягваў пісаць.