Паўтарагадовае дзіця памёрла ў Баранавічах ад менінгакоку
Рост колькасці хворых на менінгакокавую інфекцыю зарэгістраваны на Брэстчыне ў 2014 годзе.
У Баранавіцкай гарадской дзіцячай лякарні зарэгістраваны выпадак смерці паўтарагадовага дзіця ад менінгакокавай інфекцыі, паведамляе БЕЛТА. Дзіця 2013 года народжання паступіла ў лячэбную ўстанову раніцай 18 студзеня ў цяжкім стане. Для яго выратавання рабіліся ўсе захады, аднак высілкі медыкаў былі марнымі: у дзіця развілася маланкавая форма менінгакокавай інфекцыі. Малы памёр цягам сутак з моманту захворвання.
Паводле звестак Брэсцкага абласнога цэнтру гігіены і эпідэміялогіі, у 2014 годзе на Брэстчыне зарэгістраваны рост колькасці захворванняў на менінгакокавую інфекцыю. У Брэсце і ў Пружанскім раёне ў дваіх дзяцей ва ўзросце да аднаго года захворванне скончылася смяротным вынікам. Групай рызыкі па-ранейшаму з’яўляюцца дзяці да трох год, якія ў структуру захворвальнасці склалі 60%.
Небяспека захворвання ў тым, што яно можа развіцца ў лічаныя гадзіны і нават хвіліны, і выратаваць хворага атрымліваецца не заўсёды.