Паводка рухаецца да Славакіі і Венгрыі, у Еўропе загінулі 12 чалавек

Метэаролагі прагназуюць, што ўзровень вады ў рэках у Чэхіі працягне падымацца, але ўжо на поўначы краіны (там трывожна сочаць за ўзроўнем вады на Лабе і Влтаве). 4 чэрвеня абарончыя бар'еры ў Празе вытрымалі пік паводкі. Шлюзы на Влтаўскім каскадзе не адкрываліся. Па-ранейшаму на большай частцы тэрыторыі Чэхіі дзейнічае надзвычайнае становішча.

Прага вытрымала атаку "вялікай вады"

Як паведамляе ВВС, гарады на поўдні і ўсходзе Нямеччыны знаходзяцца ў стане павышанай гатоўнасці з-за пагрозы выхаду з берагоў рэк. Чакаецца, што ў Дрэздэне ўзровень вады перавысіць на 5 метраў сярэдні ўзровень. А ў горадзе Пасаў вада паднялася да ўзроўню, на які не падымалася ўжо 500 гадоў!


Канцлер Нямеччыны Ангела Меркель у аўторак наведала раёны, якія найбольш пацярпелі ад паводкі і паабяцала дапамогу — 100 мільёнаў еўра (палова дастанецца Баварыі). На барацьбу з паводкай кінутыя дадатковыя армейскія аддзелы.


Надзвычайнае становішча аб'яўлена ў Венгрыі. Максімум узроўня вады на Дунаі прагназуецца на чацвер.


Калі раней паведамлялася пра 10 ахвяраў паводкі ў Чэхіі, Нямеччыне і Аўстрыі, дык цяпер ужо пра 12. У нямецкім горадзе Гюнцбург 4 чэрвеня знайшлі трупы мужчыны і жанчыны. Колькасць загінулых у Чэхіі ў аўторак узрасло да 8 чалавек. Аднак застаюцца людзі, якія зніклі без вестак.
 

Нагадаем, незвычайную паводку выклікалі працяглыя моцныя дажджы. За некалькі дзён у некалькіх краінах цэнтральнай Еўропы выпала двухмесячная норма ападкаў.

Фота — AFP
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі