Пайшоў з жыцця важны сведка катастрофы на ЧАЭС. Вось яго словы пра Чарнобыль

Віктар Смагін

Віктар Смагін / Фота з сямейнага архіва Смагіных

Не стала начальніка змены 4-га энергаблока Чарнобыльскай АЭС Віктара Смагіна. Яму было 75 гадоў, па папярэдняй версіі ён скончыў жыццё самагубствам з-за цяжкай хваробы. На яго стале знайшлі перадсмяротную запіску, у якой ён просіць прабачэння за гэтае рашэнне ў сваёй сям'і.

У красавіку 1986 года Віктар Смагін працаваў начальнікам змены на 4-м энергаблоку Чарнобыльскай АЭС. Атамнік вярнуўся ў Прыпяць з водпуску за два дні да трагедыі.

Атрымаўшы паведамленне пра выбух, ён тут жа пабег на станцыю ратаваць калегаў, хоць павінен быў выйсці на змену пазней. Тады Смагін атрымаў моцную дозу апрамянення, ад наступстваў якога пакутаваў усё жыццё. Вось, як сам Смагін успамінаў раніцу 26 красавіка 1986 года:

“Спаў ноччу моцна, выбухаў не чуў. Прачнуўся а сёмай раніцы і выйшаў на балкон пакурыць. С чатырнаццатага паверха ў мяне добра бачна атамная станцыя. Паглядзеў у той бок і адразу зразумеў, што цэнтральная зала майго роднага чацвёртага блока разбурана. Над блокам агонь і дым. Зразумеў, што справа дрэнь. Кінуўся да тэлефона, каб патэлефанаваць на БШЧК, але сувязь ужо была адсечана КДБ, мабыць, каб не выцякала інфармацыя. Сабраўся ісці. Загадаў жонцы шчыльна зачыніць вокны і дзверы. Дзяцей з хаты не выпускаць. Самой таксама не выходзіць. Сядзець дома да майго вяртання…”

З энергаблока Смагін вярнуўся ўжо ў медсанчастку з высокай дозай апрамянення. За мужнасць і гераічнасць пры ліквідацыі аварыі на ЧАЭС у 1986 годзе яго ўзнагародзілі Ордэнам Леніна — хоць наперш гаворка ішла пра ўзнагароджанне званнем Героя Савецкага Саюза. Пасля лячэння Смагін працаваў у Міністэрстве атамнай энергетыкі СССР.

Успамінамі пра ліквідацыю аварыі на ЧАЭС атамнік дзеліцца ў кнізе “Чарнобыльскі сшытак”. Сярод іншага ён апісвае, як прыйшоў на магілы ліквідатараў:

“Ваша смерць ускалыхнула людзей, яны хоць на вяршок адышлі ад спання, ад сляпой і шэрай стараннасці... Схілім галовы перад імі – пакутнікамі і героямі Чарнобыля. Дык у чым жа ён, галоўны ўрок? Самы галоўны – гэта адчуванне хісткасці чалавечага жыцця, яго ўразлівасці. Усёмагутнасць і немач чалавека прадэманстраваў Чарнобыль. І перасцярог: не ўпівайся сваёй усёмагутнасцю, чалавек, не жартуй з ім. Бо ты прычына, але ты і вынік. У канчатковым рахунку, гэта мучыць больш за ўсё: тыя рассечаныя радыяцыяй ніткі храмасом, забітыя ці знявечаныя гены, яны ўжо пайшлі ў будучыню”.

Прачытаць урывак кнігі з успамінамі Віктара Смагіна можна тут.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі