Педагогі адпрацавалі "тэхналогіі эфектыўнага ўзаемадзеяння" на выбарчым участку
Рэжым даверыў ім працу на выбарах
Магілёўскі дзяржаўны абласны інстытут развіцця адукацыі дапамагае педагогам вобласці "павышаць кваліфікацыю". Не як настаўнікам, а як удзельнікам выбарчых камісій. Як піша клімавіцкая раённая газета, на базе згаданай ВНУ рэалізуецца "адукацыйная праграма павышэння кваліфікацыі на тэму "Тэорыя і практыка выбарчага працэсу ў Рэспубліцы Беларусь". А сабралі на яе "кіроўных работнікаў і спецыялістаў вобласці".
Як кажа адна з удзельніц мерапрыемства, на працягу тыдня выкладчыкі асвятлялі розныя тэмы: "ад кіравання канфліктнымі сітуацыямі ў працы члена выбарчай камісіі, ацэнкі асабістай эфектыўнасці ў сферы тэорыі і практыкі прымянення выбарчага заканадаўства да асаблівасцяў выбарчых сістэм у замежных краінах". А рэктар інстытута развіцця адукацыі Міхаіл Жудро асабіста кіраваў заняткамі, на якіх "педагогі адпрацавалі тэхналогіі эфектыўнага ўзаемадзеяння на ўчастку для галасавання".
Усе ўдзельнікі курсаў прайшлі тэсціраванне і "выніковую атэстацыю ў форме сумоўя", атрымалі нават пасведчанні.
Імаверна, падобныя курсы арганізуюцца і ў іншых абласцях краіны. Рэжым рыхтуецца да прэзідэнцкіх выбараў, якія мусяць прайсці ў 2025 годзе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.