Пенсіянера МУС аштрафавалі за чырвоную паласу на плоце

За чырвоную паласу на плоце пенсіянера аштрафавалі на 435 рублёў / @navinyonline​
За чырвоную паласу на плоце пенсіянера аштрафавалі на 435 рублёў / @navinyonline​

Пенсіянера МУС з пасёлка Чонкі Гомельскага раёна Міхаіла Русака аштрафавалі на 435 рублёў за чырвоную паласу на плоце, паведамляюць Naviny.by. Гаворка ідзе пра белы цагляны плот каля яго дома.

Першапачаткова, кажа мужчына, на яго склалі пратакол за парушэнне правілаў утрымання жывёл. Пра гэта пенсіянеру паведамілі павесткай. 

"Я ім патэлефанаваў, патлумачыў, што ў мяне адзін кот. Тады яны даслалі новую [павестку — Еўрарадыё] — за нібыта парушэнне архітэктурных правілаў, самавольную змену фасада будынка", — паведаміў Русак.

На разгляд справы пенсіянер не трапіў — не паспеў.  Яго папярэдзілі пра пасяджэнне суда за паўдня. Але вядома, што ў складзеным на яго пратаколе было пазначана, што Русак "адвольна перафарбаваў фасад дома і плот у незарэгістраваную сімволіку (бел-чырвона-белыя сцягі)".

Пенсионера МВД оштрафовали за красную полосу на заборе
Міхаіл Русак / @navinyonline

Варта адзначыць, што паласой на плоце мясцовыя ўлады цікавіліся яшчэ ў лютым. Міліцыя нават праводзіла праверку, але тады абышлося без складання пратаколу.

Русак расказвае, што пасля візіту праваахоўнікаў напісаў заяву ў міліцыю з просьбай растлумачыць, "як, калі і ў які колер я маю права фарбаваць свой плот", а таксама "якім нарматыўным актам рэгламентуецца колер плота". Адказу на свой зварот ён так і не атрымаў.

Мужчына падкрэслівае, што не фарбаваў плот, як сказана ў пратаколе, у белы і чырвоны колер.

"Гэта белая цэгла, яе не трэба фарбаваць. У маёй вёсцы шмат закінутых дамоў. Але ўлады звяртаюць увагу толькі на колер майго плота", — пракаментаваў рашэнне суда пенсіянер.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі