Пенсіянерку асудзілі за каментары ў ТГ і "адчуванне нянавісці да рэжыму"
7 лютага суд Бераставіцы і Бераставіцкага раёна асудзіў 69-гадовую пенсіянерку з Ваўкавыска Галіну Міхальчук на 2,5 года калоніі агульнага рэжыму. Як паведамляюць праваабаронцы, жанчыну ўзялі пад варту ў зале суда.
Дзяржабвінавачанне прадстаўляла пракурорка Алла Кузьма, прысуд вынес суддзя Андрэй Талочка.
Міхальчук прызналі вінаватай па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса — паклёп на прэзідэнта, абраза прэзідэнта, абраза службовай асобы. Нагодай сталі каментары ў ТГ-канале "Волковыск для жизни", дзе яна пісала каментары пра мясцовых чыноўнікаў і міліцыянтаў, а таксама пра Мікалая Карпянкова, Юрыя Караева, Наталлю Качанаву.
Ваўкавыскія чыноўнікі і міліцыянты выставілі матэрыяльныя прэтэнзіі — ад 1000 да 1500 рублёў. У суд яны не з'явіліся. Абвінавачаная хадайнічала пра выклік некаторых з іх, каб зразумець, якія маральныя пакуты яны перажылі. На гэта суддзя заявіў: "Як вы сабе гэта ўяўляеце? Што яны прыедуць, пакуль абед?".
Галіна Міхальчук прызнала патрабаванні часткова, бо мае пенсію ў 500 рублёў і не можа выплаціць кампенсацыю адразу. Пры гэтым яна дадала, што прайшло ўжо два гады і яна не памятае дакладна, што пісала.
Дзяржабвінаваўца Алла Кузьма заявіла, што пенсіянерцы "ставіцца ў віну адчуванне нянавісці да рэжыму".
Сведкам па справе выступіў 78-гадовы муж Галіны Міхальчук — Раман Сірык. Ён працуе лекарам-рэнтгенолагам у паліклініцы Ваўкавыска. Каментары ён звязаў са станам здароўя жонкі і шэрагам лекаў, якія яна прымае. Мужчына ўпэўнены, што намераў прынізіць кагосьці жонка не мела.
Дарэчы, яшчэ да гэтага суда Галіна Міхальчук была асуджаная. 26 кастрычніка 2021 года яе асудзілі на два гады "хатняй хіміі" за абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369 Крымінальнага кодэкса). Да суда пенсіянерка два месяцы (з 21 верасня да 21 лістапада 2021 года) знаходзілася ў зняволенні.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.