Пенсіянерку ў Мінску аштрафавалі за белы шалік з чырвонымі палоскамі на краях

Шалік быў завязаны на паясніцы жанчыны / Еўрарадыё​
Шалік быў завязаны на паясніцы жанчыны / Еўрарадыё​

Пенсіянерку Зінаіду Смірнову з Мінска аштрафавалі на на 870 рублёў за пікетаванне з выкарыстаннем бел-чырвона-белага шаліка, паведамляюць праваабаронцы.

На самой справе шалік быў завязаны на паясніцы жанчыны, гэта паказана і ў пратаколе агляду. У той дзень, 29 траўня, 62-гадовая Зінаіда Смірнова вярталася дадому з могілак, ішла міма Курапатаў. У нейкі момант яна заўважыла, што за ёй бягуць невядомыя. Яна спалохалася.

"Я пачала ўцякаць з крыкамі "Ратуйце, міліцыя". Яны дагналі, схапілі і сказалі, што яны і ёсць міліцыя", — распавяла жанчына ў судзе.

Зінаіду Смірнову адвезлі ў Савецкі РУУС, дзе на яе склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП. Яе абвінавацілі ў адзіночным пікетаванні па вуліцы Мірашнічэнкі "шляхам размахвання БЧБ-шалікам транспарту, які праязджаў міма", а таксама ў тым, што яна выкрыквала "Жыве Беларусь".

Зінаіда Дзмітрыеўна настойвае, што "Жыве Беларусь" яна не крычала, крычала толькі "Міліцыя, дапамажыце".

Праваабаронцы адзначаюць, што шалік быў практычна ўвесь белы, толькі на краях меліся па тры чырвоныя палоскі рознай таўшчыні.

Тым не менш, суддзя Савецкага раёна Алена Жуковіч палічыла, што пікет меў месца, і аштрафавала Зінаіду Смірнову на 30 базавых (870 рублёў).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі