Перакладчык: Новы раман Марціновіча — для тых, хто стаміўся ад эсэістыкі
Такое меркаванне выказаў перакладчык рамана на беларускую Віталь Рыжкоў.
Новы раман Віктара Марціновіча "Сфагнум" днямі выйшаў у выдавецтве "Кнігазбор" па-беларуску. (Рускую версію можна пачытаць на сайце 34mag.net.)
Як распавёў Віталь Рыжкоў у каментары Еўрарадыё, з раманам ён пачаў знаёміцца непасрэдна ў працэсе перакладу:
Рыжкоў: "Я ўзяў тэкст, прачытаў першыя тры главы, каб зразумець, што там за тэкст, ці камфортна мне будзе яго перакладаць. З трох главаў зразумеў, што я гэта буду рабіць. І далей ужо чытаў "перакладам" гэтую кнігу".
Перакладчык кажа, што раман яму спадабаўся. Чытачамі раману ён бачыць тых, хто стаміўся ад беларускай эсэістыкі і хоча пачытаць кнігу з займальным сюжэтам.
Дарэчы, у інтэрнэце раман "Сфагнум" рэкламуюць як "гангста-казку з паганшчынай і хэпі-эндам".