Першы пратэстовец на Кастрычніцкай: Выйшаў трэці раз за жыццё, і ўсё — сёлета

Першы пратэстовец на Кастрычніцкай: Выйшаў трэці раз за жыццё, і ўсё — сёлета

Самым першым, пратэстоўцам, які прыйшоў на Кастрычніцкую плошчу 26 сакавіка, стаў беспрацоўны мінчанін Андрэй. Ён выйшаў на сярэдзіну вялікай плошчы насупраць Палаца Рэспублікі. Прадстаўнікі МУС далі не больш за 10 хвілін на тое, каб сысці з плошчы. Андрэй застаўся стаяць на месцы. Мужчыну ўзялі прыкладна праз паўгадзіны разам з першымі затрыманымі ў гэты дзень. Еўрарадыё сустрэла мужчыну ў судзе і пагутарыла з ім. Андрэю далі штраф, а ён нават не запомніў, які. Пратакол паабяцалі прыслаць па пошце.

Пра гераізм:

Які ж гэта гераізм, — здзіўляецца суразмоўца. — У нас жа яшчэ не Паўночная Карэя. Вось калі будзе Паўночная Карэя, тады гэта будзе гераізм. Страшна было. Я б лепш пасядзеў на канапе, тэлевізар паглядзеў. Таму страшна было, але больш страшна было не выходзіць.

Пра акцыю на Дзень Волі:

Я выходзіў і 25 сакавіка, быў там затрыманы. У Савецкім РАУС мяне пратрымалі каля сямі гадзін, а ўвечары адпусцілі. Пратакол не складалі. Чаму выйшаў? Бо далей ужо няма куды, мне падаецца. Горш за тое, што маем, ужо быць не можа. Усё ўжо даведзена да ручкі, разумееце. Няхай бы яно было так, як ёсць, але хаця б было бачнае выйсце. Як ва Украіне, напрыклад, цяпер не мёд, але ў іх хаця б ёсць накірунак для руху. А куды мы ідзем?

Пра акцыю 26 сакавіка:

У сацыяльных сетках прачытаў, што ў 12 гадзін збіраюцца 26 сакавіка, таму і прыйшоў. Два амапаўцы мяне спыталі, ці ведаю, што мяне затрымаюць. Я адказаў, што ведаю. Пазней падышоў яшчэ адзін амапавец, ён таксама спытаў, ці ведаю, што забяруць. Адказаў, што ведаю, іначай чаго б я тут стаяў. Ён даў мне 10 хвілін, сказаў, што праз 10 хвілін забярэ.

Пра пратэсты:

Я выйшаў трэці раз на мітынг. За ўсё жыццё. І ўсё ― у гэтым годзе. Раней ніколі не хадзіў. Пакуль нічога ў краіне не зменіцца, буду выходзіць.

Размова з Андрэем падчас акцыі 26 сакавіка:

Я пратэстую хаця б супраць таго, што сёння я тут стаю адзін. Дэкрэт №3 ― само сабой. Толькі што я прайшоўся па праспекце ад Плошчы Незалежнасці. Горад нібы вымер.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі