Першы віцэ-прэм'ер Крутой: пытанні інтэграцыі давырашым за два-тры дні

Першы віцэ-прэм'ер Крутой: пытанні інтэграцыі давырашым за два-тры дні

Практычна ўвесь беларуска-расійскі інтэграцыйны пакет ужо ўзгоднены. Пра гэта на прыёме ў амбасадзе Расіі заявіў першы віцэ-прэм'ер Беларусі Дзмітрый Крутой.

Засталося толькі некалькі пытанняў, рашэнне якіх, як чакаецца, будзе знойдзена ў бліжэйшыя дні, дадаў чыноўнік. Ён падкрэсліў, што дыялог вядзецца найперш па эканамічных пытаннях, а палітычныя тэмы не стаяць на парадку дня.

"На сённяшні дзень у нас, па вялікім рахунку, за выключэннем некалькіх пытанняў, якія, думаю, даўдакладняцца ў бліжэйшыя 2-3 дні, увесь інтэграцыйны пакет узгоднены. І мы падбярэм час, каб нашы лідары ва ўрачыстай абстаноўцы яго падпісалі або парафіравалі", — цытуе БЕЛТА словы першага віцэ-прэм'ера. 

Крутой паведаміў, што спярша праца ішла вельмі марудна, бо Расія ў выніку міжнародных санкцыяў апынулася ў складаным эканамічным становішчы. Гэты міжнародны ціск прымусіў Расію змяніць эканамічную і фінансавую палітыку. "Адсюль і бюджэтная кансалідацыя, увядзенне правілаў, падатковы манеўр, палітыка імпартазамяшчэння ды іншае. І нам як бліжэйшым партнёрам здавалася, што гэта шмат у чым накіравана супраць нас. Расійскія калегі з галіновых ведамстваў патлумачылі, што гэта не так. І сёння мы гэта адчуваем", — распавёў першы віцэ-прэм'ер.

Ён згадаў разнастайныя "эканамічныя войны" паміж Беларуссю і Расіяй — газавыя, нафтавыя, цукровыя і г.д. Яны, маўляў, таксама напачатку "на галіновых нашых рэгулятараў наклалі адбітак пэўнай абсалютна нездаровай канфрантацыі". Але потым, кажа Крутой, "з самага верху" паступіла ўказанне не баяцца самых прагрэсіўных форм супрацоўніцтва, пасля чаго працэс пайшоў.

Чыноўнік падкрэсліў, што ў аснове інтэграцыі ляжаць эканамічныя пытанні. А палітыкі, па яго словах там не было з самага пачатку і няма цяпер. "Інтэграцыйны саюз будуецца на абсалютна роўных адносінах", — дадаў ён.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі