Петыцыя з патрабаваннем вызваліць Алеся Бяляцкага набрала 80 тысяч подпісаў
Вызвалення Алеся Бяляцкага патрабуюць праваабаронцы ў розных краінах свету / t.me/viasna96
Петыцыя з патрабаваннем вызваліць Алеся Бяляцкага набрала 80 тысяч подпісаў. Зварот ініцыявала нямецка-швейцарская праваабарончая арганізацыя Libereco, піша @pozirkonline.
Петыцыя з'явілася ў кастрычніку. Калі колькасць падпісантаў дасягне 100 тысяч, Libereco перадасць яе беларускаму паслу ў Германіі, а таксама ганаровым консулам РБ. "У Беларусі беспадстаўна сядзіць у турме Алесь Бяляцкі, кіраўнік праваабарончага цэнтру "Вясна" і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру 2022 года", — падкрэсліваюць аўтары петыцыі. Яны нагадваюць, што Бяляцкі — толькі адзін з больш за 1400 палітвязняў у Беларусі, якія "арыштаваныя толькі таму, што скарысталіся сваім правам на свабоду меркаванняў, сходаў і аб'яднанняў".
7 кастрычніка стала вядома, што беларускі праваабаронца і палітвязень Алесь Бяляцкі стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру. Ён знаходзіцца за кратамі з ліпеня 2021 года. Нядаўна яму споўнілася 60 гадоў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.