Peugeot і Citroen беларускай зборкі будуць таннейшыя на пару тысяч
За кошт мытнай стаўкі і адсутнасці ўтылізацыйнага збору. Аўтамабілі будуць завозіць па частках і збіраць у Беларусі.
"Гэта будзе зборка ў так званым рэжыме CKD. Пра ступень дэталізацыі я, напэўна, казаць не буду, таму што гэта камерцыйная інфармацыя", — кажуць на прадпрыемстве “Юнісон”.
Французская група Peugeot Citroen разам з беларускім прадпрыемствам "Юнісон" і кампаніяй "ПС Авто Групп" падпісалі дамову аб стварэнні вытворчасці легкавых аўтамабіляў у Беларусі.
Зборка ў рэжыме CKD — гэта тэхналогія імпарту аўтамабіляў, арыентаваная на абыход высокіх мытных пошлін. Камплектуючыя прывозяць у Беларусь і далей збіраюць на прадпрыемстве. Стаўка на камплектуючыя значна ніжэйшая за стаўку на гатовы аўтамабіль. Яна пасля ўступлення Беларусі ў Мытны саюз павялічылася ў некалькі разоў.
Таму аўтамабілі, сабраныя пад Мінскам, будуць таннейшыя за кошт мытнай стаўкі і ўтылізацыйнага збору. Яго не трэба будзе плаціць, бо машына сабраная ў Беларусі для продажу на мясцовым рынку. Распавядае Валянцін Трыгорлаў, камерцыйны дырэктар "ПС Авто Групп".
"Яны будуць таннейшыя, чым тое, што ёсць на рынку цяпер, гэта факт. Значна даступнейшыя. У нас ёсць папярэднія прыкідкі, але я іх не хачу называць, бо гэта вельмі папярэднія нашы ацэнкі. Скажу, што значна таннейшыя. Збіраем тут, каб зрабіць аўтамабіль больш даступным для розных сацыяльных груп. Дзякуючы гэтаму аўтамабілі стануць таннейшымі, і канцэрн зможа павялічыць продажы, а мы як экспарцёры зможам стаць больш паспяховай кампаніяй на рынку".
У Расію прадаваць гэтыя аўтамабілі не будуць, бо там ёсць свой завод пад Калугай. Плануецца выпускаць каля 2,5 тысяч аўтамабіляў за год для ўнутранага рынку.
Зборка пачнецца у лістападзе, а ў продажы аўтамабілі з'явяцца хутчэй за ўсё ў пачатку снежня гэтага года.
Прадпрыемства плануе збіраць аўтамабілі Citroen C-Elysee і Berlingo, Peugeot — 301, 508, 3008 і Partner.
Мы ўзялі для параўнання Peugeot 408, яго не будуць збіраць у Беларусі, але цаны Peugeot 301 на сайце Peugeot няма. Peugeot 408 найбліжэйшы да яго па кошце.
На новы аўтамабіль, напрыклад, Peugeot 408 (1.6 бензін), згодна з пастановай Саўміна, утылізацыйны збор складзе 26 800 расійскіх рублёў (536 еўра). Гэта можна адымаць ад кошту аўтамабіля адразу.
Для юрыдычнай асобы мытная пошліна на гэты аўтамабіль складзе каля 3,7 тысячы еўра.
Праўда, на запчасткі таксама будуць мытныя пошліны, таму адымаць цалкам гэтую суму нельга. Але пошліны на запчасткі значна меншыя, чым на цэлы аўтамабіль. Плюс працоўная сіла ў Беларусі таннейшая.
З дакладнасцю можна сказаць, што аўтамабіль, які цяпер прадаецца ў Мінску за 13 780 еўра, можа патаннець на некалькі тысяч.