Пінскіх міліцыянтаў не пакаралі за жорсткі разгон гандляроў (відэа)
Іх дзеянні прызнаныя законнымі, хоць і "тактычна няграматнымі".
Нагадаем, што 7 ліпеня супрацоўнікі міліцыі жорстка “зачысцілі” вулічных гандляроў каля міні-рынку “Заходні” ў Пінску.
Як інфармуе праваабарончы сайт "Вясна", кіраўніцтва пінскай міліцыі правяло службовую праверку. Міліцэйскае начальства сцвярджае, што ўчастковы інспектар, які кіраваў “аперацыяй”, неаднаразова звяртаўся да грамадзян з патрабаваннем не парушаць правілы гандлю. Але тыя ігнаравалі міліцыянта, адмовіліся прайсці да службовага аўтамабіля і спрабавалі ўцячы. Гэта, па версіі кіраўніцтва міліцыі, і прымусіла лейтэнанта ўжыць сілу.
Разам з тым, дзеянні міліцыянта названыя “тактычна няграматнымі”, бо затрыманне адбывалася пры вялікім натоўпе людзей. А гэта “прывяло да стварэння працяглай канфліктнай сітуацыі і прыцягнула ўвагу іншых грамадзян, якія не валодалі аб’ектыўнай інфармацыяй пра тое, што адбывалася”.
Нагадаем, што кіраўнік брэсцкай абласной міліцыі Іван Саўчыц прынёс прабачэнні “за непрафесійныя дзеянні міліцыі”. Тым часам Следчы камітэт ужо амаль два месяцы правярае, ці не перавысілі міліцыянты свае службовыя паўнамоцтвы.
Дзве гандляркі і чалавек, які спрабаваў заступіцца за іх падчас канфлікту з міліцый, атрымалі штрафы — ад 100 тысяч да двух мільёнаў рублёў.