“ПлаSтформа”: беларускія артысты прыязджаюць за свае грошы і на некалькі гадзін

“ПлаSтформа”: беларускія артысты прыязджаюць за свае грошы і на некалькі гадзін

"У каго ёсць магчымасць дапамагчы Форуму з бясплатным жыллём для іншагародніх і замежных удзельнікаў 15-21 лютага, адгукніцеся!",піша ў фэйсбуку арганізатар “ПлаSтформы” Слава Іназемцаў. У анонсе ж адкрытага форуму эксперыментальных пластычных тэатраў чытаем, што сёлета “ПлаSтформа Мінск-2016” пройдзе пры дзяржаўнай падтрымцы. Крутая падтрымка, калі артысты жывуць на кватэрах у знаёмых…

“ПлаSтформа”: беларускія артысты прыязджаюць за свае грошы і на некалькі гадзін

У размове з Еўрарадыё харэограф удакладняе, што жыллё шукаецца для рассялення гасцей і сяброў "ПлаSтформы", якія не маюць грошай плаціць за сталічныя гатэлі. А дзяржаўная падтрымка — гэта “дах”, пад якім афіцыйна праходзіць фэст.

"Форум праводзіць Цэнтр сучасных мастацтваў, з якім мы пасябравалі і які дапамагае нам у арганізацыйным плане. Мінкульт таксама падключыўся. Дзякуючы гэтаму нашы госці атрымліваюць бясплатныя візы, што немалаважна. Ну, уласна, і ўсё", — пералічвае бонусы “падтрымкі” Іназемцаў.

Польскія ўдзельнікі, якія прадставяць у Мінску лепшыя спектаклі Польскай платформы танца, будуць жыць за грошы Міністэрства культуры Польшчы, Польскага інстытута. Беларускім танцорам айчынны Мінкульт нічога не дае:

"Нашы артысты ці самі вырашаюць пытанні пражывання падчас фэста (ёсць сябры, напрыклад), ці прыязджаюць на адзін дзень: ранкам прыехалі, увечары з'ехалі. Натуральна, мы не можам ім плаціць — ну адкуль? Усе гэта ведаюць”, — працягвае Іназемцаў. Грошы ад продажу квіткоў добра калі пакрываюць рэкламныя і тэхнічныя выдаткі. Удзельнікі форуму прыязджаюць у Мінск з-за цікавасці і добрай рэпутацыі фэста. Але за свой кошт.

“ПлаSтформа”: беларускія артысты прыязджаюць за свае грошы і на некалькі гадзін

Харэограф падкрэслівае, што калі б “ПлаSтформа” праводзілася пад патранажам Міністэрства культуры, то была б вызвалена і ад набіўшых аскоміну ў арганізатараў гастролек.

"А так даводзіцца выкручвацца, — тлумачыць схему харэограф. — Мы праводзім спектаклі на розных пляцоўках. На сцэне РТБД і ў будынку самога цэнтра на Някрасава будуць выступаць замежнікі, і мы не мусім за іх плаціць, бо гэта дзяржпляцоўкі. А Палац культуры чыгуначнікаў - гэта не дзяржпляцоўка, таму там будзе паказана толькі беларуская праграма. То бок, калі ты хочаш паказаць замежніка, патрэбна дзяржпляцоўка! А дзяржпляцоўкі, як правіла, выстаўляюць дастаткова цяжкія ўмовы. Калі б нас падтрымліваў Мінкульт, я б мог паказваць замежнікаў на вялікай сцэне Палаца чыгуначнікаў, і не плаціць за гэта".

У Беларусі тры фэсты збіраюць сучасных харэографаў і пластычныя тэатры. Гэта Фестываль сучаснай харэаграфіі ў Віцебску, які праходзіць ужо 28 гадоў. Частку яго бюджэта складаюць дзяржаўныя грошы (300 мільёнаў), спонсарская падтрымка і грошы самаго фэста (майстар-класы). Але нават зоркі сусветнай харэаграфіі прыязджаюць у Віцебск за свой кошт, не кажучы пра канкурсантаў.

Ёсць міжнародны форум тэатральнага мастацтва “ТЕАРТ” з шырокай геаграфіяй удзельнікаў, добрым спонсарам і дзяржаўнай падтрымкай у 100 мільёнаў рублеў.

І інтэлектуальная “ПлаSтфома”, якая “ледзьве балансуе на мяжы выжывання” і трымаецца за кошт ідэі. Пры гэтым бюджэт сёлетняга фестываля “Александрыя збірае сяброў” у Шклоўскім раёне (рэспубліканскае свята “Купалле”) складае 650 мільёнаў рублёў, і гэта больш за тры фэсты.

“ПлаSтформа”: беларускія артысты прыязджаюць за свае грошы і на некалькі гадзін

"ПлаSтформа Мінск-2016" стартуе ў панядзелак 15 лютага. Цягам тыдня мінчукі атрымаюць магчымасць наведаць больш за 20 спектакляў сучасных пластычных тэатраў з Беларусі, Польшчы, Украіны і Даніі. Асаблівасцю форуму стане польская Платформа сучаснага танца (з Польшчы на фэст прыедуць 33 чалавекі), якая пакажа 7 спектакляў. Цікавы выступ чакаецца ад вядомай дацкай танцоўшчыны Кіт Джонсан.

“Большая частка беларускай праграмы — гэта work'n'progress, лабараторныя працы. Будзе прадстаўлены эксперымент — усе працы робяцца акурат зараз. З аднаго боку гэта і рызыка арганізатараў, а з іншага, гэта акурат і ёсць задачай "Пластформы" — рызыкаваць і эксперыментаваць", — рэзюмуе Вячаслаў Іназемцаў.

Апроч таго форум прадставіць насычаную адукацыйную праграму, якая накіравана не толькі на паказ майстар-класаў, але і на іх тэарэтычнае асэнсаванне. Польскія лектаркі Ганна Круліца і Ядзвіга Маеўска распавядуць, як разумець сучасны танец і пісаць пра яго. Цалкам праграма ёсць тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі