Платная "хуткая", скарачэнне настаўнікаў і сярэдні заробак па 500
Што прапаноўвала, што выканала і не выканала кіраўніцтва Беларусі ў 2014 годзе?
Абяцанні і прапановы палітыкаў, як і прадказанні астролагаў, могуць збывацца, а могуць і не. І часам добра, што некаторыя не збываюцца. Еўрарадыё узгадвае прапановы за 2014 год.
Ужо былы віцэ-прэм'ер Анатоль Тозік кажа, што грошы на падтрымку сямей часткова возьмуць з бюджэту, часткова — з павышэння падаходнага падатку.
"Частка ў нас ёсць у бюджэце, а частка, хутчэй за ўсё, што будзе прынятае рашэнне аб тым, каб усталяваць для ўсіх норму падаходнага падатку ў 13%".
Так і атрымліваецца — у 2015 годзе мы будзем плаціць на 1 працэнт больш.
Прапаноўвае Тозік зрабіць платным неабгрунтаваны выклік хуткай дапамогі, наведванне паліклінікі "скажам, больш васьмі разоў на год", канфіскоўваць аўтамабіль ужо пасля першага выпадку кіравання ў нецвярозым стане.
Вядома, што ўсе нашы праблемы самі ведаеце... ад п'янства, таму гучыць прапанова, забараніць прадаваць алкаголь з 9 вечара да 10 раніцы па ўсёй краіне. А таксама энергетычныя напоі падлеткам і на дыскатэках.
Экс віцэ-прэм'ер прапаноўвае абмежаваць узрост дзяцей у садку 6 гадамі, калі няма медпаказанняў, бо дзяржава траціць лішнія грошы, а таксама скараціць колькасць настаўнікаў у школах.
Дэпутат і спартовец Вадзім Дзевятоўскі прапаноўвае ўвесці для школьнікаў і студэнтаў тэсты на алкаголь і наркотыкі. Гэта пакуль таксама не ўвялі.
Пётр Пракаповіч у 2008 годзе, будучы кіраўніком Нацбанка, кажа, што ў 2015 сярэдні заробак будзе большы за тысячу еўра.
"У 2010-2015 гадах мы павінны вырашыць шэраг глабальных задач. У прыватнасці, сярэдні заробак у 2015 годзе павінен быць не меншы за 1 тысячу еўра. Гэтая сур'ёзная задача пастаўленая кіраўніком дзяржавы".
Тады курс еўра быў 3200, а сярэдні заробак — 868 тысяч, гэта каля 270 еўра. Сёння сярэдні заробак амаль 6,4 мільёны — гэта каля 385 еўра, па курсе 2008 года — амаль 2 тысячы!
Абяцанне Аляксандра Лукашэнкі пра заробак у 500 долараў сёлета нават перавыканалі. Пра гэта ён кажа ў красавіку падчас звароту да Нацыянальнага сходу і народа.
"Сёння, як я і патрабаваў, мы пераадолелі мяжу ў 500 долараў сярэдняй заработнай платы па краіне і далейшае павышэнне дабрабыту — у нашых руках. Прытым, вы заўважылі, я ў гэтым годзе без форсу і не патрабую: рост, рост зарплаты. Я абяцаў: 500 долараў мы дасягнем, цяпер яна вышэйшая. 500 — сярэдні заробак, да крызісу — мы гэта зрабілі. Гэта той мінімум, які павінен быць у кішэні чалавека".
Сёння за сярэдні заробак можна купіць толькі 450 долараў. Ці варта на наступны год чакаць новага абяцання і, вядома ж, яго выканання?
"Дзяржслужбоўцаў у нас засталося няшмат. Лішнюю ўладу мы ў іх забярэм. Сёння настаў час для больш маштабнай задачы. Скараціць не колькасць, а залішнія паўнамоцтвы чыноўнікаў", — кажа Аляксандр Лукашэнка і пад канец года дае Мінгандлю паўнамоцтвы зачыняць крамы за парушэнні.
Абяцанне стварыць фонд падтрымкі сямей, у якіх нарадзілася трэцяе дзіця, выканалі, як і абяцанне павысіць падаходны падатак. 10 тысяч долараў будуць класці на дэпазіт у банк развіцця, якія можна будзе забраць калі дзіцяці будзе 18 гадоў.
"У бліжэйшы час мной будзе падпісаны дэкрэт, ён на выхадзе, які раз і назаўсёды скончыць з "перасаджваннем" з крэсла ў крэсла і разгільдзяйствам кіраўнікоў усіх рангаў", — кажа кіраўнік краіны у першай палове 2014 года.
Так і атрымліваецца — з 2015 года на кіраўнікоў нават прыватных прадпрыемстваў накладаецца персанальная адказнасць за стан прадпрыемства ажно да звальнення.
Фота: БелТА