Плюсы і мінусы адмены віз для замежнікаў
29 жніўня адразу некалькі тэматычных СМІ паведамілі амаль сенсацыйную навіну — праз некалькі месяцаў Беларусь можа адмяніць візы для грамадзян 80 "добранадзейных" краін. Спасылаюцца выданні на намесніка міністра спорту і турызму Міхаіла Партнога. Маўляў, дакумент ужо падрыхтаваны і знаходзіцца на зацвярджэнні ў Савеце міністраў. Плануецца, што без візы цягам пяці дзён у Беларусі змогуць знаходзіцца грамадзяне 80 краін, у якіх няма вялікіх праблем з мігрантамі. Прыехаць такім чынам у нашу краіну можна будзе толькі паветраным шляхам — праз нацыянальны аэрапорт. Навіна выклікала гучны розгалас. Галоўны рэдактар выдання "Турызм і адпачынак" Лілія Кобзік тлумачыць, што разам з відавочнымі плюсамі новы дакумент можа прынесці і шэраг расчараванняў.
Плюсы
Піяр
"Як піяр-акцыя гэта шыкоўны крок. Гэта шыкоўна нават у тым сэнсе, што краіна неяк загучыць. Гэта будзе піяр не толькі на ўнутраным узроўні, гэта будзе піяр на еўрапейскім узроўні. Пра гэта ўсе СМІ паведамяць", — мяркуе Лілія Кобзік.
Не пагадзіцца цяжка. Навіна аб тым, што Гродна праз два месяцы можа стаць бязвізавай зонай (хаця б на пяць дзён і для арганізаваных турыстаў), ужо некалькі дзён вісіць на большасці польскіх сайтаў.
Штуршок для развіцця турыстычнай сферы ў краіне
Яшчэ адным несумненным плюсам, на думку рэдактара "Турызму і адпачынку", можа стаць штуршок для ўсёй галіны ў краіне. "Турызм вельмі вітае розную дынаміку. Калі хоць нешта ёсць, нешта варушыцца. Не проста стаіць, як вада ў балоце. А нешта робіцца, нешта адбываецца. Магчыма, адменяць візы. І турыстычная галіна можа ўстрапянуцца, з'явіцца нейкая надзея. Гэта таксама добра", — гаворыць ЛІлія Кобзік.
На той стадыі развіцця турызму, на якой мы знаходзімся, візы нічога не вырашаюць. Адмена віз — гэта вельмі добра як крок у цэлым ланцужку крокаў, якія ўжо павінныя былі быць зробленыя. Крокі па падрыхтоўцы турпрадукту. Вось мы адчынілі дзверы на Аўгустоўскі канал. Што мы там бачым? Адзін кіёск, які там стаіць. Вагончык
Мінусы
Адсутнасць падрыхтаванай інфраструктуры
Галоўны мінус — слабасць беларускай турыстычнай інфраструктуры. Можа так атрымацца, што натоўпы замежных турыстаў, якія рынуцца пасля адмены віз у Беларусь, сутыкнуцца з тымі ж праблемамі, з якімі сутыкаюцца наведнікі беларускіх частак Белавежскай пушчы і Аўгустоўскага каналу. "На той стадыі развіцця турызму, на якой мы знаходзімся, візы нічога не вырашаюць. Адмена віз — гэта вельмі добра як крок у цэлым ланцужку крокаў, якія ўжо павінныя былі быць зробленыя. Крокі па падрыхтоўцы турпрадукту. Вось мы адчынілі дзверы на Аўгустоўскі канал. Што мы там бачым? Адзін кіёск, які там стаіць. Вагончык", — мяркуе рэдактар "Турызму і адпачынку".
Асцярожнасць гэтага кроку
Яшчэ адна праблема ў тым, што магчымая адмена візавага рэжыму носіць моцна абмежаваны характар. Толькі на пяць дзён і толькі праз Нацыянальны аэрапорт — гэтага можа быць вельмі мала, каб рэальна спрацаваць: "Віз няма. Але іх няма толькі праз аэрапорт. Гэта ўжо абмежаванне. Па-другое, на пяць дзён. Таму калі мы спадзяемся, што пасля гэтай адмены візаў будзе вал турыстаў, яго не будзе. Трэба ўсё адно займацца піярам краіны. Што мы можам прапанаваць, што ў нас ёсць".
Навошта беларускім уладам увогуле адмяняць візы нават на пяць дзён?
І гэта, відаць, самае галоўнае пытанне. Лілія Кобзік мяркуе, што адказ на яго — у складанай эканамічнай сітуацыі, у якую трапіла краіна. Турызм — гэта тое, што можа прынесці хуткі прыбытак. Запоўніць пустыя гатэлі і павялічыць выручку нацыянальных паркаў. Разам з тым, дакумент, змест якога часткова агучыў намеснік міністра Партной, яшчэ не прыняты і невядома, як на яго адрэагуюць прадстаўнікі сілавых структур. Указ аб частковай адмене віз абмяркоўваюць ужо некалькі гадоў, і якім у выніку ён будзе, не ведае пакуль ніхто.
"Сілавікі, я думаю, будуць супрацьдзейнічаць гэтаму ўказу. З іншага боку, наверсе таксама ёсць розныя групы ўплыву. Нехта хоча адбіць укладанні, зробленыя ў інфраструктуру. І гэтыя ўкладанні рабіла, у тым ліку, і Упраўленне справамі кіраўніка краіны. Гэта самы магутны ўласнік беларускай інфраструктуры, ім трэба адбіваць укладанні", — гаворыць Кобзік.
Па ўсім відаць, што нават частковай адмены віз для замежнікаў чакаць яшчэ доўга. Знаўцы галіны гавораць, што дакумент гэты рыхтуецца да падпісання ўжо не першы год.